ГРАМА́ДСКІ АБВІНАВА́ЎЦА,

асоба, якая па даручэнні грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву прымае ўдзел у судовым разглядзе справы і выконвае функцыі грамадскага абвінавачання. Грамадскі абвінаваўца самастойны ўдзельнік судовага працэсу і не звязаны з пазіцыяй па справе дзярж. абвінаваўцы — пракурора. Ён мае права адмовіцца ад абвінавачання, калі даныя судовага следства даюць для гэтага падставу. Працэсуальнае становішча грамадскага абвінаваўцы ў Рэспубліцы Беларусь рэгламентавана крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТА́РЫУС (ад лац. notarius пісар, сакратар),

службовая асоба, якая ажыццяўляе натарыяльныя дзеянні (гл. Натарыят). На Беларусі існуюць Н. прыватныя і дзяржаўныя. У адпаведнасці з заканадаўствам на пасаду Н. назначаюцца грамадзяне краіны, якія маюць вышэйшую юрыд. адукацыю і прайшлі адпаведную стажыроўку ў дзярж. натарыяльнай канторы або ў Н., які займаецца прыватнай практыкай, вытрымалі кваліфікацыйны экзамен і атрымалі ліцэнзію на права натарыяльнай дзейнасці.

І.​С.​Шахрай.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАНЦЁР (франц. volontaire),

асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен. час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАКЧЭ́ЕЎ (Аляксей Андрэевіч) (4.10.1769—3.5.1834),

расійскі дзярж. і ваенны дзеяч. Генерал (1807), граф, давераная асоба пры дварах Паўла I і Аляксандра I. З 1808 ваен. міністр, з 1810 старшыня ваен. дэпартамента Дзярж. савета. Ролю вышэйшай дзярж. установы набыла ўласная яго імператарскай вялікасці канцылярыя, якой у 1812—25 кіраваў Аракчэеў. З 1815 меў вызначальны ўплыў на Аляксандра I. Праводзіў рэакц. палітыку паліцэйскага дэспатызму і грубай ваен. сілы (гл. Аракчэеўшчына).

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НА ГО́НАРУ І ГО́ДНАСЦІ,

адна з формаў судовай аховы правоў фізічных і юрыд. асоб. Грамадзянін або юрыд. асоба маюць права патрабаваць праз суд абвяржэння недаказаных звестак, якія ганьбяць іх гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю. Ганебныя звесткі, распаўсюджаныя ў сродках масавай інфармацыі, абвяргаюцца там жа. Дакумент, які зыходзіць ад юрыд. асобы і змяшчае ганебныя звесткі, падлягае адмене. Інш. выпадкі разглядаюцца судом. Маральная (немаёмасная) шкода кампенсуецца, памер яе вызначаецца судом.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБЕРЫ́НІ (Barberini) Рафаэль, італьянскі падарожнік 16 ст. У 1564 як прыватная асоба наведаў Маскву з рэкамендацыйным лістом ад англ. каралевы Лізаветы I да Івана IV Грознага. Вынікі паездкі выклаў у кнізе «Паведамленне аб Масковіі» (1565) у форме ліста да бацькі, дзе даў каштоўныя гіст. звесткі аб рас. гандлі, цэнах, гарадах, царскім і нар. побыце.

Тв.:

Рус. пер. — У кн: Сказания иностранцев о России в XVI и XVII в. СПб., 1843.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМО́РСКІ СУД,

судова-арбітражны орган у феад. Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне да пач. 19 ст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў. У ВКЛ утвораны ў 1565 у кожным павеце. Суд ажыццяўляла адна асобападкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Аглядаў межавыя знакі, вывучаў дакументы, дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Апеляцыі на рашэнні П.с. падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. На Беларусі скасаваны 23.5.1832.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЛАМЕНЦЁР (франц. parlementaire ад parier гаварыць),

афіцыйная асоба, упаўнаважаная адным з ваюючых бакоў уступіць у перагаворы з другім бокам. Звычай пасылкі П. вядомы са старажытнасці. Прававы статус П. вызначаны Палажэннем да 4-й Гаагскай (1907) канвенцыі аб законах і звычаях сухап. вайны. П. абавязкова павінен мець адметны знак — найчасцей белы флаг. Ён і асобы, што яго суправаджаюць (трубач, гарніст або барабаншчык, перакладчык і той, хто нясе флаг), карыстаюцца правам недатыкальнасці.

т. 12, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КЛЕР (ням. Makler ад нідэрл. makelaar),

1) асоба, якая прафесійна займаецца пасрэдніцтвам у сферы куплі і продажу тавараў, каштоўных папер, страхавання і інш. 2) Біржавы пасрэднік (дылер, джобер), які купляе і прадае за свой кошт (у адрозненне ад брокера, які заключае здзелкі для кліентаў і за іх кошт). Біржавы М. — работнік, служачы біржы, які ўваходзіць у склад яе персаналу; вядзе таргі ў секцыях, фіксуе і рэгіструе згоду брокераў на заключэнне здзелкі.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎЦА,

службовая асоба ў ВКЛ, кіраўнік, часовы ўладальнік дзярж. маёнтка — дзяржавы. Да 16 ст. называўся намеснікам або цівуном. Прызначаўся вял. князем з шляхты, звычайна пажыццёва. Выконваў гасп., адм.-судовыя функцыі, збіраў падаткі, наглядаў за станам і рамонтам гасп. пабудоў, ваен. умацаванняў, адказваў за забеспячэнне гаспадаркі рабочай сілай. Судзіў велікакняжацкіх сялян, мяшчан, якія не падлягалі магдэбургскаму праву, шляхту (да 1564). З 16 ст. пашырылася практыка аддачы дзяржавы Дз. «ў заставу» за пэўную суму грошай.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)