інструментальны сродак (або сукупнасць сродкаў) для апрацоўкі інфармацыі, у т. л. вылічэнняў, кіравання, рашэння задач. Бываюць мех., эл., электронныя, гідраўл., пнеўматычныя, аптычныя і камбінаваныя; у залежнасці ад формы выяўлення інфармацыі адрозніваюць аналагавыя вылічальныя машыны, лічбавыя вылічальныя машыны і гібрыдныя вылічальныя сістэмы.
Першы праект універсальнай «аналітычнай машыны» (гіганцкага арыфмометра з праграмным кіраваннем, арыфм. і запамінальным блокам), які, аднак, не быў поўнасцю рэалізаваны, распрацаваў англ. вынаходца і матэматык Ч.Бэбідж у 1883. Асн. ідэі праекта закладзены ў аснову работы сучаснай вылічальнай машыны: праграма вылічэнняў захоўваецца ў памяці машыны і выконваецца аўтаматычна. Развіццё электратэхнікі і радыёэлектронікі прывяло да стварэння ў 1930-я г. спецыялізаваных аналагавых вылічальных машын. Першыя электронныя вылічальныя машыны, заснаваныя на выяўленні інфармацыі ў лічбавай двайковай форме, распрацаваны ў 1940-я г. на аснове развіцця эл. пераключальных схем у аўтам.тэлеф. сувязі, электроннай кантрольна-вымяральнай апаратуры, радыёлакацыі. Гл. таксама Вылічальная машына «Мінск», Вылічальная тэхніка, Вылічальны цэнтр, Вылічальная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАСТРУМЕ́ННЫЯ ВЫПРАМЯНЯ́ЛЬНІКІ,
механічныя генератары гукавых (або ультрагукавых) ваганняў, крыніцай энергіі якіх з’яўляецца высокаскарасны газавы струмень. Адрозніваюць свісткі (напр., Гальтана свісток), генератары (Гартмана генератар) і сірэны. Выкарыстоўваюцца ў кантрольна-вымяральнай і сігналізавальнай апаратуры, для распылення вадкасцей, атрымання або асаджэння аэразоляў, у розных тэхнал. устаноўках для інтэнсіфікацыі цепла- і масаабмену і інш.
Гальтана свісток мае сапло з вузкай кальцавой шчылінай, перад якой размешчаны пустацелы цыліндрычны рэзанатар з вострымі клінападобнымі краямі. Газ, што выходзіць пад невял. ціскам, накіроўваецца на востры край рэзанатара і ўзбуджае ў ім перыядычныя віхры. У Гартмана генератары з сапла выцякае звышгукавы газавы струмень. Рэзанатар размешчаны сувосна з саплом у зоне няўстойлівасці газавага струменя. Частата выпрамененага гуку залежыць ад памераў рэзанатара і адлегласці паміж ім і саплом. Прынцып дзеяння сірэн заснаваны на мех. перыядычным перарыванні газавага (або вадкаснага) струменя з дапамогай заслонкі, цыліндра або дыска з адтулінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА АДВАРО́ТНАЙ ХВА́ЛІ,
электравакуумная ЗВЧ прылада, у якой выкарыстоўваецца перадача энергіі электроннага патоку полю запаволенай бягучай эл.-магн. хвалі, што распаўсюджваецца ў напрамку, процілеглым руху электронаў. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай апаратуры з аўтам. перастройкай частаты, супергетэрадзінных радыёпрыёмніках, радыёспектраскапіі і інш.
Прынцып работы Л.а.х. вызначыў амер. фізік С.Мільман у 1950. Адрозніваюць Л.а.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Нізкавольтныя Л.а.х. О-тыпу выпускаюцца магутнасцю да 100 мВт на частоты ад 1 да 1500 ГГц, дыяпазон перастройкі частаты ад 10% да актавы, ккдз да 1%; рэлятывісцкія лямпы для мікрахвалевай зброі маюць імпульсную магутнасць да 2 ГВт, ккдз да 20%; Л.а.х. М-тыпу генерыруюць ваганні з частотамі ад 0,5 да 18 ГГц магутнасцю да 1 кВт, дыяпазон перастройкі частаты да 30%, ккдз да 50%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ДЫЙ (лац. Palladium),
Pd, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 46, ат. м. 106,42, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 102, 104—106, 108, 110. У зямной кары 10−6% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе, у выглядзе сплаваў (напр., паладзістая плаціна, якая мае 7—39% П.) і злучэнняў (напр., мінерал паладыт — аксід PdO). Адкрыты ў 1803 англічанінам У.Воластанам, названы ў гонар адкрыцця астэроіда Палада.
Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 1554 °C, tкіп 2840 °C, шчыльн. 12 020 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей найб. актыўны плацінавы метал. Добра раствараецца ў царскай гарэлцы, а таксама ў гарачых канцэнтраваных азотнай і сернай к-тах. Найб. устойлівыя злучэнні Pd(II). У паветры акісляецца пры 600—800 °C (пакрываецца тонкай цьмянай плёнкай PdO). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, мыш’яком і крэмніем. Абарачальна паглынае ў значнай колькасці вадарод (да 900 аб’ёмаў на 1 аб’ём П.). Сплавы П. з інш. металамі выкарыстоўваюць для вырабу мед. інструментаў, зубных пратэзаў, у вытв-сці ювелірных вырабаў, хім.апаратуры, як каталізатары шматлікіх хім. рэакцый (гідрыравання, дэгідрыравання і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д (ПВХ),
сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілхларыду, [—CH2—CHCl—]n, мал. м. (1—15)∙104. Тэрмапласт. Бясколернае цвёрдае рэчыва. Вызначаецца добрымі мех. і электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, невысокімі тэрма- і святлоўстойлівасцю; пры t > 120 °C раскладаецца з вылучэннем хлорыстага вадароду. Перапрацоўваюць у цвёрдыя (вініпласт) і мяккія, ці пластыфікаваныя (пластыкат), матэрыялы, выкарыстоўваюць у вытв-сці полівінілхларыдных валокнаў.
Вініпласт — прадукт перапрацоўкі П. з дабаўкамі тэрма- і святлостабілізатараў, антыаксідантаў, мінер. напаўняльнікаў і інш. Выкарыстоўваюць як канстр. каразійнаўстойлівы матэрыял для вырабу хім.апаратуры і труб, ёмістасцей і бутэлек у харч. прам-сці, у буд-ве для пакрыцця падлогі, абліцоўкі сцен, цепла- і гукаізаляцыі (пенаполівінілхларыд). Пластыкат — тэрмапластычны марозаўстойлівы матэрыял. Акрамя кампанентаў, што дадаюць да П. пры атрыманні вініпласту, мае пластыфікатар (напр., дыбутылфталат, дыактыладыпінат). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі правадоў і кабеляў, вырабу эластычных стужак, шлангаў, трубак, мембран і інш. У прам-сці пашыраны полівінілхларыдныя пластызолі — дысперсіі парашкападобнага (эмульсійнага) П. ў тых жа пластыфікатарах, што выкарыстоўваюць і для атрымання пластыкату. Выкарыстоўваюць ПВХ-пластызолі ў вытв-сці штучнай скуры, мыйных шпалер, пальчатак, абутку, дзіцячых цацак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВО́Д,
энергасілавая канструкцыя, якая прыводзіць у рух рабочыя машыны і механізмы. Складаецца з крыніцы энергіі (рухавік або прыстасаванне, што аддае назапашаную энергію — спружынны, інерцыйны, гіравы механізмы), перадатачнага механізма (мех., гідраўл., пнеўматычная, эл. і камбінаваная перадача) і апаратуры кіравання (ручная, паўаўтам. і аўтам.). Выкарыстоўваецца таксама ручны і нажны П. (у ручных лябёдках, швейных машынах, мясарубках, веласіпедах і інш.).
Бывае групавы (рух ад аднаго рухавіка перадаецца групе машын ці механізмаў праз адну або некалькі трансмісій — сілавых перадач), індывідуальны (кожная рабочая машына мае ўласны рухавік з перадачай) і шматрухавіковы (асобныя рабочыя органы машыны прыводзяцца ў рух асобнымі рухавікамі са сваімі перадачамі); стацыянарны (на раме ці фундаменце, пераважна электрычны прывод), перасоўны (на рухомых рабочых машынах) і транспартны (на розных трансп. сродках) — з цеплавымі рухавікамі (у т. л.ўнутр. згарання) і непасрэднай мех. ці эл. перадачай. У вытв-сці выкарыстоўваюцца таксама гідрапрывод і пнеўмапрывод, у якіх энергія сціснутых вадкасцей або паветра пераўтвараецца ў мех. энергію гідра- і пнеўмарухавікамі. У П. найб. часта выкарыстоўваюцца рэдуктары, мультыплікатары, каробкі перадач, варыятары, гнуткія валы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСКІ СУ́ВЯЗІ,
спецыяльныя вайсковыя фарміраванні, прызначаныя для забеспячэння сувязі і кіравання войскамі. Уваходзяць у склад усіх відаў узбр. сіл і родаў войск. Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў сувязі, органаў забеспячэння і рамонту. Аснашчаюцца мабільнымі радыёстанцыямі, радыётэлевізійнай, фотатэлегр. і тэлеф. апаратурай (у т. л. высокачастотнага тэлефанавання і танальнага тэлеграфавання), радыёрэлейнай, трапасфернай і касм. радыёсувязі, а таксама рухомымі (самалёты, верталёты, аўтамабілі, штучныя спадарожнікі Зямлі і інш.) сродкамі сувязі. Ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь войскі сувязі складаюцца з часцей і вузлоў сувязі, з падраздзяленняў забеспячэння, рамонту і эксплуатацыі сродкаў сувязі на пунктах кіравання.
У арміі Рас. імперыі падраздзяленні сувязі з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. У Крымскай вайне 1853—56 упершыню ўжыты паходны эл. тэлеграф. Пасля вынаходства радыё (1895) у 1897—98 пачалося выпрабаванне радыёсувязі ў рус. флоце. У 1899 сфарміравана першая ў свеце ваен. радыёчасць, у 1900 прайшлі выпрабаванні палявыя пераносныя радыёстанцыі. У час рус.-яп. вайны 1904—05 выкарыстоўваліся правадны тэлеграф, радыётэлеграф і тэлефон. У Чырв. Арміі з 1919 войскі сувязі сталі спец. родам войск. У Вял.Айч. вайну найважнейшае значэнне набыла радыёсувязь (у т. л. КХ- і УКХ-радыёстанцыі, новыя ўзоры тэлеграфна-тэлеф.апаратуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ГУ́КА,
час, неабходны для вымаўлення гука; аб’ектыўная характарыстыка, якая разам з інш. акустычнымі параметрамі (частотным спектрам, велічынёй амплітуды і інш.) вызначае адметнасць кожнага гука маўлення. Вымяраецца з дапамогай апаратуры ў мілісекундах, ацэньваецца на слых. Вуха чалавека можа ўлоўліваць вельмі тонкія адрозненні ў П.г., што выкарыстоўваецца ў арганізацыі фанет. сістэм моў. Працяглымі лічацца зычныя гукі ў адрозненне ад імгненных, калі яны маюць адчувальную працягласць (напр., фрыкатыўныя [з], [с] у адрозненне ад выбухных [п], [к]). Працяглымі гукамі з’яўляюцца падоўжаныя зычныя, якія ўзніклі ў выніку гіст. развіцця бел. мовы ў пэўных пазіцыях слова са спалучэння зычных (напр., насе[н’:]е, вясе[л’:]е). Больш працяглыя ў параўнанні з ненаціскнымі ў бел. мове — націскныя галосныя. У моўнай плыні адны і тыя ж гукі могуць мець розную працягласць, што выкарыстоўваецца для перадачы ўнутры- і знешнямоўнай інфармацыі. Ва ўсіх мовах П.г. ўжываецца для інтанацыйнай арганізацыі маўлення. У некат. мовах існуюць парныя па даўжыні гукі, з дапамогай якіх словы адрозніваюцца паводле сэнсу (чэш., ням., англ., венгерская мовы). Гукі маюць розную працягласць у залежнасці ад тэмпу і стылю маўлення, эмацыянальнага стану размоўцы, яго індывідуальных псіхафіз. і сац. асаблівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ, радыеактывацыйны аналіз,
метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) ат. ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення. Упершыню выкарыстаны венг. хімікамі Дз.Хевешы і Г.Леві (1936).
Актывацыйны аналіз бывае інструментальны (даследаванне другаснага выпрамянення з дапамогай спец.апаратуры без разбурэння пробы) і радыехімічны (хім. раздзяленне радыенуклідаў і вызначэнне актыўнасці кожнага з іх паасобку або ў невял. групе элементаў). Пры актывацыйным аналізе доследны матэрыял пэўны час апрамяняюць ядз. часціцамі, потым вымяраюць энергет. спектр, актыўнасць, перыяд паўраспаду T1/2 радыеізатопа, які ўтварыўся ў выніку апрамянення. Ведаючы T1/2, від радыеактыўных пераўтварэнняў, тып і энергію другаснага выпрамянення, якое суправаджае распад узніклага радыеізатопа, ідэнтыфікуюць зыходны ізатоп. Актыўнасць радыеактыўнага ізатопа пасля апрамянення прама прапарцыянальная колькасці ядраў зыходнага (звычайна стабільнага) ізатопа, што дазваляе правесці колькасны аналіз. Адрозніваюць актывацыйны аналіз нейтронны, на зараджаных часціцах і на жорсткіх гама-квантах. Найб. пашыраны нейтронны актывацыйны аналіз: ядры большасці элементаў лягчэй актывуюцца нейтронамі; розніца ў значэннях эфектыўных сячэнняў ядз. рэакцый на нейтронах забяспечвае высокую выбіральнасць метаду адносна элементаў; мае высокую адчувальнасць (10−7—1010% у залежнасці ад элемента). Актывацыйны аналіз выкарыстоўваецца для аналізу асабліва чыстых рэчываў, кантролю тэхнал. працэсаў, разведкі карысных выкапняў, у крыміналістыцы, археалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА (Aurum),
Au, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 79, ат. м. 196,9665, адносіцца да высакародных металаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 197Au. У зямной кары 4,3∙10−7% па масе. Гал. з мінералаў — золата самароднае. Вядома з глыбокай старажытнасці.
Жоўты мяккі і вельмі пластычны метал, tпл 1064,4 °C, tкіп 2880 °C, шчыльн. 19320 кг/м³. Хімічна даволі інертнае, устойлівае ў паветры і вадзе; з кіслародам, азотам, вадародам, вугляродам непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Узаемадзейнічае з галагенамі пры награванні (напр., з хлорам пры 250 °C утварае хларыд AuCl3 — рубінава-чырвонае крышт. рэчыва, раскладаецца пры t>254 °C); гарачай селенавай к-той; сумесямі кіслот сернай і азотнай, азотнай і салянай (царская гарэлка); воднымі растворамі цыянідаў у прысутнасці кіслароду (гл.Цыяніраванне). Лёгка ўтварае амальгаму, на гэтым заснаваны адзін з метадаў вылучэння з горных парод (гл.Амальгамацыя). Дае з інш. металамі (медзь, серабро, плаціна) сплавы, больш трывалыя і цвёрдыя за З. чыстае. Выкарыстоўваюць З. і яго сплавы ў электроннай прам-сці (кантакты); у вытв-сці хімічна ўстойлівай апаратуры, прыпояў, каталізатараў, гадзіннікаў; для залачэння, афарбоўкі шкла; для вырабу зубных пратэзаў, ювелірных вырабаў, манет, медалёў (колькасць З. ў іх паказвае проба; гл.Проба высакародных металаў).
Літ.:
Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.