ДРЫСВЯ́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. на в-ве Замак на воз. Дрысвяты ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Пабудаваны на гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры і перыяду Кіеўскай Русі 10—13 ст. Пляцоўка замка (75 × 50 м) мела авальную форму, узвышалася над паверхняй возера на 6—7 м, была абкружана валам. У ганцы 14 — пач. 15 ст. на востраве стаяў «двор Дрысвяты» вял. кн. ВКЛ Вітаўта, пазней — караля Аляксандра. У пісьмовых крыніцах замак згадваецца ў 1514, 1557, 1561 і ў часы Лівонскай вайны 1558—83. Перастаў існаваць у 2-й пал. 17 ст.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМЕ́ТРЫЙ I ПАЛІЯРКЕ́Т (грэч. Dēmētrios Poliorkētēs, каля 337, Македонія — 283 да н.э.),

палкаводзец эліністычнага перыяду. Сын Антыгона I Аднавокага, паплечніка Аляксандра Македонскага. Разам з бацькам прымаў удзел у барацьбе дыядохаў. У 306 перамог флот Пталамея каля Саламіна на Кіпры, разам з бацькам прыняў тытул цара. У 301 каля г. Іпс Антыгон і Д.П. пацярпелі паражэнне, Антыгон быў забіты, Д.П. уцёк. У 295 захапіў Афіны, у 294—288 валодаў Македоніяй. У 287 у М. Азіі пацярпеў паражэнне ад караля Сірыі Селеўка I, трапіў у палон, дзе і памёр. Біяграфію Д.П. дае Плутарх у «Параўнальных жыццяпісах».

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры гістарызму. Арх. стылістыка будынка арыентавана на рус. класіцызм. Закладзены ў 1897 на ўшанаванне памяці рас. імператара Аляксандра III, пабудаваны ў 1898 (арх. С.​Шабунеўскі). Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Буйныя чляненні гал. фасада і бакавых рызалітаў (больш высокія памяшканні на 2-м паверсе) надаюць будынку манументальнасць. Парадны ўваход гал. фасада вылучаны порцікам з элементамі карынфскага і дарычнага ордэраў і завершаны трохвугольным франтонам. У гады Вял. Айч. вайны часткова разбураны. Пры рэканструкцыі ў бакавых крылах надбудаваны 3-і паверх.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельскай мужчынскай гімназіі будынак.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬФМАН (Геся Меераўна) (Міронаўна; паміж 1852—55, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 13.2.1882),

рэвалюцыянерка-народніца. У час вучобы на курсах у Кіеве (1874) вяла рэв. прапаганду сярод рабочых. У 1877 зняволена на 2 гады. З 1879 чл. партыі «Народная воля». На канспіратыўных кватэрах Гельфман у Пецярбургу размяшчалася друкарня нарадавольскай «Рабочей газеты», хаваліся выбуховыя рэчывы, рыхтаваўся замах на Аляксандра II. 15.3.1881 арыштавана і разам з інш. арганізатарамі замаху прыгаворана да павешання; выкананне прыгавору адтэрмінавана ў сувязі з яе цяжарнасцю. Шырокая кампанія ў абарону Гельфман у замежным друку прымусіла цара замяніць пакаранне смерцю на пажыццёвую катаргу. Памерла ў турме ў час родаў.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАМА́РА,

паўкруглае ці кілепадобнае завяршэнне часткі сцяны будынка паміж 2 лапаткамі, якое адпавядае форме ўнутр. скляпення (звычайна паўцыркульнага).

Найб. характэрны для візант. крыжова-купальнай сістэмы, у 10—13 ст. шырока выкарыстоўваліся ў стараж.-рус. (сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе і інш.), рус. архітэктуры 14—17 ст. (Успенскі сабор Маскоўскага Крамля).

На Беларусі З. вядомы ў 11—12 ст. у Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіннеўскай царкве ў Полацку, Барысаглебскай у Гродне, а таксама ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў храмах псеўдарус. стылю (цэрквы Аляксандра Неўскага ў Мінску, Сімяона ў Брэсце, у Камянцы, Бешанковічах і інш.).

Закамара.

т. 6, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРЭ́ВІЧ (Леанід Васілевіч) (н. 5.4. 1939, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў БПІ (1969). З 1969 працуе ў Баранавіцкім арх.-канструктарскім аддзеле ін-та «Брэстграмадзянпраект». Асн. работы: у г. Баранавічы — кінатэатр «Кастрычнік» (1970), Дом Саветаў (1973), шматкватэрныя жылыя дамы (1977, 1982, 1989), Дом піянераў, будынак упраўлення КДБ (абодва 1984), царква Аляксандра Неўскага (1996); школа ў пас. Жамчужны Баранавіцкага р-на (1985), гасцініца Брэсцкага аблвыканкома (1986), цэрквы прападобнага Серафіма Сароўскага ў г. Белаазерск Бярозаўскага р-на, у в. Святая Воля Івацэвіцкага р-на (абедзве 1992) і інш.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГІЯ́НА (грэч. Margianē, стараж.персідскае Маргуш),

назва стараж. вобласці ў Сярэдняй Азіі, па цячэнні р. Мургаб (на ПдУ сучаснай Туркменіі і Пн Афганістана). Упершыню згадваецца ў «Авесце» і надпісе на скале Бехістун. М. межавала на З з Парфіяй, ПнУ з Согдам, У з Бактрыяй, на Пд з Арэяй. Сталіца М. знаходзілася ў раёне Стараж. Мерва. У 522 да н.э. ў М. адбылося нар. паўстанне супраць улады Ахеменідаў, задушанае царом Дарыем I Вялікім (521; гл. ў арт. Дарый). Потым М. паслядоўна ўваходзіла ў склад дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, Парфянскага царства. У сярэдневякоўі землі М. ўвайшлі ў Харасан.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІЦКІ АКТ 1501,

акт дзярж. уній паміж Польшчай і ВКЛ. Падпісаны 23.10.1501 у г. Мельнік (Падляшскае ваяв. ВКЛ, цяпер у Польшчы) пры абранні вял. князя ВКЛ Аляксандра на каралеўскі трон Польшчы. М.а. прадугледжваў у будучым выбары агульнага манарха для абедзвюх дзяржаў (зафіксаваны таксама ў Мельніцкім прывілеі 1501), устанаўленне агульнай грашовай сістэмы, правядзенне агульнай унутранай і знешняй палітыкі. Фактычна М.а. вёў да ліквідацыі дзярж. самастойнасці ВКЛ. У выніку шырокай апазіцыі сейм ВКЛ у 1505 не зацвердзіў М.а. і ён не набыў сілы. Планы польскіх магнатаў і шляхты здзейсніліся ў выніку заключэння Люблінскай уніі 1569.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1333, г. Пскоў, Расія — 26.8.1399),

вялікі князь Цвярскога княства [1365—99, з перапынкамі]. Сын вял. цвярскога кн. Аляксандра Міхайлавіча. Двойчы (1368 і 1370) быў скінуты з прастола вял. маскоўскім кн. Дзмітрыем Іванавічам Данскім і хаваўся ў ВКЛ (яго сястра была жонкай вял. князя літоўскага Альгерда). У 1372 пры дапамозе войск ВКЛ вярнуў сабе цвярскі прастол. МА. — апошні вял. цвярскі князь, які змагаўся з Масквой за Уладзімірскае вял. княжанне, валоданне якім фармальна азначала паліт. панаванне ў Паўн.-Усх. Русі. У 1370—71 і 1375 атрымліваў вялікакняжацкія ярлыкі ў Залатой Ардзе, але замацавацца на Уладзімірскім прастоле не здолеў.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КТРЫЯ,

гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі па сярэднім і верхнім цячэнні Амудар’і (цяпер тэр. Паўн. Афганістана, Паўд. Таджыкістана і Узбекістана). З 1-й пал. 1-га тыс. да нашай эры рабаўладальніцкая дзяржава. Сталіца — г. Бактра. У 6—4 ст. да нашай эры адна з сатрапій (правінцый) Ахеменідаў дзяржавы, потым у складзе імперыі Аляксандра Македонскага і Селеўкідаў. З сярэдзіны 3 ст. да нашай эры самаст. Грэка-Бактрыйскае царства. У 2 ст. да нашай эры заваявана тахарамі; наз. Тахарыстан.

Літ.:

Ставиский Б.Я. Кушанская Бактрия: проблемы истории и культуры. М., 1977;

Пьянков И.В. Бактрия в античной традиции: (Общ. данные о стране: назв. и территория). Душанбе, 1982.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)