Асвета

Дашкольная адукацыя і выхаванне (412).

Агульнаадукацыйная школа (413).

Прафесійна-тэхнічная адукацыя (415).

Сярэдняя спецыяльная адукацыя (416).

Вышэйшая адукацыя (416).

Да пач. 20 ст. на Беларусі сістэма нар. асветы мела саслоўна-класавы характар. Сярэдняя і вышэйшая адукацыя з-за цяжкіх матэрыяльных умоў для дзяцей рабочых і сялян была маладаступная; чацвёра з кожных пяці дзяцей і падлеткаў не наведвалі школы. Пасля 1917 на дзярж. узроўні былі замацаваны найважнейшыя прынцыпы адзінай прац. школы: навучанне на роднай мове, сумеснае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак, поўнае аддзяленне школы ад царквы, сувязь навучання з грамадска-вытворчай працай. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР усе грамадзяне мелі права на адукацыю незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, веравызнання, сац. паходжання і маёмаснага становішча. Гэтыя правы забяспечваліся абавязковай агульнай 8-гадовай адукацыяй, ажыццяўленнем усеагульнай сярэдняй адукацыі моладзі, навучаннем у школе на роднай мове, бясплатнасцю ўсіх відаў адукацыі, выплатай стыпендый, пашырэннем сеткі дашкольных і пазашкольных устаноў, арганізацыяй розных форм вытв. навучання, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.

У 1974 Вярх. Савет БССР прыняў Закон «Аб народнай асвеце», асноўнымі прынцыпамі якой абвяшчаліся: роўнасць усіх грамадзян у атрыманні адукацыі незалежна ад расавай і нац. прыналежнасці, полу, адносін да рэлігіі, маёмаснага і сац. становішча; абавязковасць адукацыі для ўсіх дзяцей і падлеткаў, дзярж. і грамадскі характар усіх навуч.-выхаваўчых устаноў; свабода выбару мовы навучання, навучанне на роднай мове або на мове іншага народа СССР; бясплатнасць усіх відаў адукацыі, утрыманне часткі вучняў на поўным дзярж. забеспячэнні, стыпендыяльнае забеспячэнне навучэнцаў і студэнтаў і аказанне ім іншай матэрыяльнай дапамогі; сумеснае навучанне абодвух полаў; свецкі характар адукацыі, які выключаў уздзеянне рэлігіі.

У 1991 прыняты Закон «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (новая рэд. 2002), у якім запісана, што Беларусь як суверэнная дзяржава мае ўласную сістэму адукацыі і выхавання і гарантуе кожнаму свайму грамадзяніну магчымасць развіцця асобы, атрымання адукацыі, якая адпавядала б яе патрабаванням і здольнасцям, актыўнае далучэнне да культурна-гіст. спадчыны бел. народа і інш. нац. супольнасцей краіны. Дзяржава забяспечвае прыярытэтнае развіццё адукацыі, адпаведныя сац.-эканам. ўмовы функцыянавання гэтай сферы, правы грамадзян на атрыманне агульных і прафес. ведаў, засваенне агульнакульт. каштоўнасцей, абарону інтэлектуальнай уласнасці, таленту і адукаванасці. Былі распрацаваны Канцэпцыя рэформы агульнаадук. школы і Праграма рэалізацыі рэформы агульнаадук. сярэдняй школы (1996), у якой прадугледжвалася ажыццявіць рэформу ў Рэспубліцы Беларусь паступова ў 12 этапаў і завяршыць яе ў 2008/09 навуч. годзе. 1-ы з’езд настаўнікаў Беларусі, які адбыўся ў Мінску ў 1997, падтрымаў рэформу агульнаадук. школы і асн. палажэнні стратэгіі развіцця нац. сістэмы адукацыі. 2-гі з’езд настаўнікаў Беларусі (2001) паставіў задачу — забяспечыць да 2005 паступовы пераход да поўнага ахопу дзяцей 5-гадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы; завяршыць да 2008 пераход да абавязковай 10-гадовай адукацыі пры 4-гадовай пачатковай і 6-гадовай базавай школе, а да 2010—12-гадовай сярэдняй адукацыі; забяспечыць увядзенне ў дзеянне стандартаў зместу адукацыі на ўсіх яго ўзроўнях у адпаведнасці з сац. заказам грамадства і дзяржавы.

Сучасная нац. сістэма адукацыі Беларусі ўключае: удзельнікаў адукац. працэсу; адукац. стандарты, на аснове якіх распрацаваны навуч. планы і праграмы; установы адукацыі і іншыя арганізацыі, якія забяспечваюць эфектыўнае функцыянаванне сістэмы адукацыі; дзярж. органы кіравання адукацыяй, якія ўключаюць Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўленні і аддзелы адукацыі мясц. выканаўчых і распарадчых органаў. Асн. адукацыя складаецца з дашкольнай, агульнай базавай, агульнай сярэдняй, прафес.-тэхн., сярэдняй спец., вышэйшай, паслядыпломнай адукацыі.

Дадатковая адукацыя можа ажыццяўляцца на ўсіх узроўнях асн. адукацыі, а таксама ўключае пазашкольнае выхаванне і навучанне, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. Нац. сістэма адукацыі ажыццяўляе сваю дзейнасць на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990), «Аб правах дзіцяці» (1993, са зменамі і дапаўненнямі 2000), «Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі«(2003), «Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (спецыяльнай адукацыі)» (2004), «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» (2004).

Дзярж. палітыка ў сферы адукацыі грунтуецца на наступных прынцыпах: прыярытэт адукацыі; абавязковасць агульнай базавай адукацыі; ажыццяўленне пераходу да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі; даступнасць дашкольнай, прафес.-тэхн. і на конкурснай аснове сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі; пераемнасць і непарыўнасць узроўняў і ступеней адукацыі; нац.-культ. аснова адукацыі; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, правоў чалавека, гуманіст. характару адукацыі; навуковасць; экалагічная накіраванасць адукацыі; дэмакр. характар кіравання адукацыяй; свецкі характар адукацыі.

т. 18, кн. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ТУС САЦЫЯ́ЛЬНЫ,

суадноснае становішча (пазіцыя) індывіда або групы ў сац. сістэме, якое вызначаецца па шэрагу эканам., прафес., этн. і інш. спецыфічных для дадзенай сістэмы адзнак (пол, узрост, прафесія, адукацыя, даход і інш.). Упершыню паняцце «С.с.» выкарыстаў у канцы 19 ст. англ. гісторык Г.​Мэн. К.​Маркс і Ф.​Энгельс лічылі, што аб’ектыўнай асновай становішча індывідаў у грамадстве з’яўляецца грамадская практыка, іх сумесная дзейнасць, якая набывае ў ходзе развіцця асаблівыя гіст. формы. М.​Вебер сцвярджаў, што стратыфікацыя грамадства і становішча індывіда ў ім вызначаюцца не толькі эканам. кампанентамі (доступ да сродкаў вытв-сці, грамадскіх багаццяў), але і сац. ролямі і пазіцыямі. Кожны індывід мае некалькі статусных характарыстык Вылучаецца гал. статус, які і вызначае становішча асобы ў грамадстве. У залежнасці ад таго, якую пазіцыю займае чалавек у грамадстве дзякуючы спадчынным адзнакам (сац. паходжанне, раса, нацыянальнасць і інш.) або асабістым намаганням (адукацыя, кваліфікацыя і г.д.), адрозніваюць прыродны і дасягальны С.с. Суадносіны іх у сац. структуры грамадства з’яўляюцца паказчыкамі характару эканам. і паліт. улады, якая і вызначае адпаведную структуру С.с.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНЯЯ АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКОЛА,

асноўны тып установы адукацыі, які забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі.

На фарміраванне еўрап. С.а.ш. паўплывала ант. традыцыя (гл. Класічная адукацыя), што абумовіла перавагу гуманітарных ведаў у змесце адукацыі і вызначыла назву школы — гімназія (у Еўропе пашырана з 16 ст.). Развіццё індустр. грамадства садзейнічала ўзнікненню ў 18 ст. новага тыпу С.а.ш. — рэальных навучальных устаноў, дае пераважала вывучэнне прыродазнаўчых. дакладных і прыкладных навук, новых моў. Гэтыя тыпы С.а.ш. з рознымі варыянтамі інтэграцыі захаваліся ў большасці еўрап. краін і ў наш час.

На Беларусі пасля 1918 устаноўлены адзіны тып 9-гадовай дзярж., прац. політэхн. школы. У 1932 адбыўся пераход да 10-гадовай політэхн. С.а.ш. У 2-й пал. 1950-х г. у С.а.ш. ўведзены элементы вытв. навучання, у 1959 яна пераўтворана ў прац. політэхн. с.а.ш. з вытв. навучаннем (тэрмін навучання 11 гадоў). У 1966 С.а.ш. зноў стала 10-гадовай. У 1984 здзейснены пераход да 11-гадовай агульнаадук. школы. У канцы 1980—пач. 1990-х г. з’явіліся гімназіі ліцэі. З 1998 пачалася рэформа С.а.ш. У межах яе рэалізацыі ўведзены абавязковая 10-гадовая і 12-гадовая агульная сярэдняя адукацыя. Структура С.а.ш. ўключае: 4-гадовую пач. адукацыю (падрыхтоўчы, 1—3-і класы; дзеці ад 6 да 10 гадоў), 6-гадовую базавую (4—9-ы класы; з 10 да 16 гадоў) і агульную сярэднюю адукацыю на базе ліцэйскіх класаў (10—11-ы класы; 17—18 гадоў). Удасканаленне зместу адукацыі ў С.а.ш. накіравана на забеспячэнне гарманічнага развіцця асобы, авалоданне ёю асновамі нац. і сусв. культуры, падрыхтоўку да самаст. жыцця. Для гэтага ўкараняюцца новыя адукац. тэхналогіі. У 2001/02 навуч. г. ў Рэспубліцы Беларусь было 2770 дзённых С.а.ш. (больш за 1,26 млн. вучняў) і 86 вячэрніх зменных (каля 23,4 тыс. навучэнцаў). Гл. таксама Сярэдняя адукацыя.

М.​І.​Ліс.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ ВЫШЭ́ЙШЫ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ Засн. ў 1982 у г. Баранавічы як пед. вучылішча, якое ў 1994 пераўтворана ў пед. каледж, а ў 1997 атрымала статус ВНУ. У 2003/04 навуч. г. ф-ты: пач. адукацыі; замежных моў, тэхналогіі і дашкольнай адукацыі. На базе агульнай сярэдняй адукацыі рыхтуе пед. работнікаў па спецыяльнасцях: замежная мова (англ.), бел. мова і л-ра; замежная мова (англ.), тэхналогія (абслуговая праца); замежная мова (ням.), бел. мова і л-ра; тэхналогія (абслуговая праца); сац. педагогіка; практычная псіхалогія і тэхналогія (абслуговая праца); дашкольная адукацыя і замежная мова (англ.); дашкольная адукацыя, практычная псіхалогія; англ. мова, ням. мова. На базе сярэдняй спец. адукацыі вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях: пач. адукацыя і сац. педагогіка; тэхналогія (абслуговая праца) і сац. педагогіка, 7 прадметных кафедраў, больш за 200 выкладчыкаў, у т. л. 10 д-роў і 25 канд. навук, н.-д. лабараторыя па праблеме папераджальнай адаптацыі студэнтаў да пед. дзейнасці, прадметныя кабінеты і лабараторыі, б-ка, спадарожнікавае тэлебачанне. Навучаецца каля 2 тыс. студэнтаў.

Праводзяцца комплексныя навук. даследаванні па праблемах педагогікі, псіхалогіі, методыкі выкладання асобных дысцыплін, філалогіі, лінгвістыкі, філасофіі, біялогіі, тэхналогіі машыннай апрацоўкі і перапрацоўкі матэрыялаў. Выпускаюцца навук.-метадычныя зб-кі «Актуальныя праблемы прафарыентацыі і прафадаптацыі», «Актуальныя праблемы германістыкі і прафесійна-педагагічнай іншамоўнай адукацыі». Выдадзены працы «Фарміраванне прафесіяналізму ў навучэнцаў педагагічнага каледжа» П.​П.​Шоцкага (1999), «Фарміраванне прафесіяналізму настаўніка: праблемы, пошукі вырашэння на мяжы стагоддзяў» (ч. 1—2, 2000), «Папераджальная адаптацыя студэнтаў да педагагічнай дзейнасці (крызісы, спосабы папярэджвання і змякчэння» Л.​Ф.​Мірзаянавай (2003) і інш. З дня заснавання пед. каледж узначальвае П.П.Шоцкі (гл. Дадатак).

Літ.:

Развитие учебного заведения: проблемы, варианты решения: Юбилейный сб. науч. статей, посв. 20-летию Барановичского гос. высшего пед. колледжа. Ч. 1. Барановичи, 2002.

Л.​Ф.​Мірзаянава.

т. 18, кн. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ТЛЕН (Bethlen) Габар (1580, г. Ілія, Румынія — 15.11.1629),

князь Трансільваніі (Семіграда) у 1623—29, кароль Венгрыі [1620—21]. Кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венг. каралеўстве (з 1619). У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 разам з Чэхіяй выступіў супраць ням. імператара і караля Венгрыі Фердынанда II, заняў значную частку Венг. каралеўства і быў абраны каралём. Час кіравання Бетлена называюць залатым векам Трансільваніі (развіваліся гаспадарка, адукацыя і мастацтва).

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГА́Т»,

навукова-вытворчае аб’яднанне на Беларусі. Створана ў 1986. Уключае НДІ сродкаў аўтаматызацыі (галаўное прадпрыемства), НДІ «Агат», электрамех. з-д (усе ў Мінску), доследны з-д «Нёман» (г. Ліда). Спецыялізавана на выпуску аўтаматызаваных інфарм.-выліч. і кіравальных сістэм і праграмна-тэхн. сродкаў для розных сфер дзейнасці (транспарт, энергетыка, экалогія, ахова здароўя, адукацыя, адм. кіраванне, банкаўская і праваахоўная справа і інш.). Вырабляе таксама тавары нар. ўжытку, мед. тэхніку, тэхнал. прадукцыю для аграпрома.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧЫ́НСКІ Генадзь Міхайлавіч (н. 1.11.1945, Мінск),

бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ун-т (1974). З 1974 у БДУ (з 1992 заг. кафедры). З 1993 прэзідэнт Бел. рэсп. т-ва псіхолагаў. Навук. працы па псіхал. праблемах свядомасці асобы, мыслення, мовы як сродку зносін паміж людзьмі.

Тв.:

Диалог и мышление. Мн., 1983;

Психология внутреннего диалога. Мн., 1988;

Псіхалогія ў Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы // Адукацыя і выхаванне. 1993. № 10.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЕ АБСЛУГО́ЎВАННЕ,

сістэма мерапрыемстваў па вырашэнні праблем аховы здароўя насельніцтва. Асн. функцыі: умацаванне і прафілактыка (у т. л. вакцынапрафілактыка) здароўя насельніцтва; лячэнне і рэабілітацыя хворых, правядзенне сан.гігіенічных мерапрыемстваў, ахова здароўя маці і дзіцяці, планаванне сям’і, сан. адукацыя, забеспячэнне насельніцтва рацыянальным і дабраякасным харчаваннем, пітной вадой, лек. сродкамі і інш. Ажыццяўляецца сістэмай лячэбна-прафілактычных устаноў (бальніцы, паліклінікі, дыспансеры, санаторыі, прафілакторыі, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, цэнтры здароўя, дэзінфекц. станцыі, аптэчныя ўстановы і інш.).

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНІЯ СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ.

Рыхтуюць спецыялістаў сярэдняй кваліфікацыі для прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў розных галін эканомікі, культуры, адукацыі, аховы здароўя і інш. Да С.с.н.у. належаць тэхнікумы, каледжы і вучылішчы (пед., мед., муз., культуры, мастацкія, мастацтваў). У навуч. планы ўваходзяць агульнаадук. дысцыпліны (л-ра, матэматыка, фізіка, хімія і інш.) і прафесійныя. Тэрмін навучання ад 1 г. 10 мес да 4 гадоў. У 2001/02 навуч. г. на Беларусі дзейнічала 148 дзярж. і 8 прыватных С.с.н.у. (гл. таксама Сярэдняя спецыяльная адукацыя).

т. 15, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́НДЗЕР Ганна Мікалаеўна (н. 1.9.1959, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі і матэматыкі. Д-р пед. н. (2000). Скончыла Брэсцкі пед. ін-т (1983). З 1989 у Брэсцкім ун-це (з 2001 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах гісторыі і метадалогіі выкладання матэматыкі, фарміравання прафес. накіраванасці педагога, гуманітарызацыі адукацыі.

Тв.:

Профессиональная направленность обучения в педучилище (из опьпа работы). Мн., 1992;

Научно-педагогические основы формирования профессиональной направленности студентов педвуза. Мн., 1998;

Прафесіяналізацыя і гуманітарызацыя падрыхтоўкі педагога // Адукацыя і выхаванне. 2000. №5.

т. 14, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)