адм.-тэр. адзінка праваслаўнай царквы на Беларусі. З канца 10 — пач. 11 ст.тэр. епархіі ўваходзіла ў склад Тураўскай праваслаўнай епархіі ў падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1241 кафедра перанесена ў Пінск, што лічыцца пачаткам дзейнасці П.п.е. У 14 ст. епархія тройчы знаходзілася ў юрысдыкцыі Галіцкай мітраполіі, пасля яе скасавання — зноў у Кіеўскай. У 1595—1795 пінскай кафедрай валодалі уніяты, аднак у 1620—32 П.п.е. адраджалася і існавала адначасова з уніяцкай. У 1795—1839 уніяцкія прыходы епархіі аб’ядналіся з правасл. царквой і іх тэр. была ўключана ў склад Мінскай праваслаўнай епархіі. У 1920 епархія адноўлена, у 1922—39 знаходзілася ў складзе Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У 1941 на пінскую кафедру быў прызначаны епіскап Маскоўскага патрыярхату, аднак з-за ваен. дзеянняў ён не змог кіраваць епархіяй. У 1942—44 епархія знаходзілася ў падпарадкаванні Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы; у 1944 вернута ў юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату. У 1839—40 і 1980—90 тытул «епіскап пінскі» насілі вікарыі Мінскай епархіі. У 1990 дзейнасць П.п.е. адноўлена ў складзе Беларускай праваслаўнай царквы, яе тэр. ахоплівае 8 адм. раёнаў Брэсцкай вобл.: Пінскі, Баранавіцкі, Ганцавіцкі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Столінскі. На канец 1999 у епархіі 147 прыходаў, 34 капліцы, 128 святароў, 5 дыяканаў, Пінскі Варварынскі манастыр (адноўлены з 1993).
Літ.:
Пінская епархія // Беларускі праваслаўны каляндар, 2000. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся з франц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком да другой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак з прычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад з сак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.—вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана з грамадз. вайной 1833—40 (гл.Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш.Рэв. ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш. сац праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.
Літ.:
Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.
Да арт.Іспанскія рэвалюцыі 19 ст.. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.Гоі. 1814.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ЖЫГІМО́НТА І БАРБА́РУ РАДЗІВІ́Л»,
гісторыка-літаратурны твор, складзены ў сярэдзіне 16 ст., напэўна, у Вільні і змешчаны ў канцы «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» пад 1545—48 (Пазнанскі спіс). У аповесці апісана гісторыя кахання і шлюбу вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл, якія, ідучы насустрач сваім пачуццям, патаемна павянчаліся ў Вільні. Невядомы аўтар з сатырычным адценнем намаляваў усеагульнае грамадскае асуджэнне ў ВКЛ і Польшчы шлюбу караля з жанчынай-удавою некаралеўскага роду. Аднак каханне перамагло, Жыгімонт Аўгуст не адмовіўся ад Барбары і застаўся верны сваёй абранніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТА́ТНЫЯ ВАЛО́КНЫ,
штучныя валокны, якія атрымліваюць з ацэтатаў цэлюлозы. Адрозніваюць трыацэтатнае валакно (з трыацэтату цэлюлозы) і валакно з часткова амыленага (другаснага) ацэтату цэлюлозы. Ацэтатныя валокны фармуюць з раствораў ацэтатаў цэлюлозы ў сумесі метыленхларыду і спірту ці ў ацэтоне (звычайна сухім метадам) і атрымліваюць філаментныя ніткі (ацэтатны шоўк). Штапельнае ацэтатнае валакно фармуюць сухім і мокрым спосабамі (гл. ў арт.Валокны хімічныя). Эластычныя, мяккія, прапускаюць УФ выпрамяненне, афарбоўваюцца спец. фарбавальнікамі, аднак маюць малую трываласць, нізкую тэрма- і зносаўстойлівасць, электрызуюцца. Выкарыстоўваюць для вырабу вопраткі, сукенак, жаночай бялізны, тканін на падкладкі; штапельнае ацэтатнае валакно замяняе бавоўну ў тканінах і трыкатажы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла пад англ. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НАР,
паняцце маралі, у якім выяўляецца ступень самапавагі чалавека і павагі да яго з боку грамадства. Яно блізкае па значэнні да паняцця годнасць. Аднак калі годнасць асобы грунтуецца на прызнанні роўнага права кожнага чалавека на павагу, то гонар адлюстроўвае перш за ўсё меру павагі, якую ён заслужыў у грамадстве. Маральная каштоўнасць чалавека ў паняцці гонару цесна звязана з яго канкрэтным сац. становішчам, грамадскім прызнаннем заслуг, аўтарытэту. Гонар прадугледжвае адпаведнасць паводзін чалавека маральным прынцыпам і нормам, распаўсюджаным у пэўнай сац. супольнасці, падтрыманне пэўнай індывідуальнай або сац.-групавой рэпутацыі (гонар школы, гонар афіцэра, дваранскі гонар і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРН (Horne, Hoorn, Hornes) Філіп II дэ Манмарансі (Montmorency; 1524, Невель, каля г. Гент, Бельгія — 5.6.1568), граф, адзін з лідэраў антыісп. дваранскай апазіцыі ў пач.Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст.Чл. нідэрландскага Дзярж. савета (1561—65), адмірал фландрскага флоту, штатгальтэр Гелдэрна і Зютфена. Разам з Вільгельмам I Аранскім і Л.Эгмантам выступаў супраць каралеўскага абсалютызму і інквізіцыі. У 1565, у знак пратэсту супраць закону аб ерэтыках, выйшаў з Дзярж. савета. Спадзеючыся на прымірэнне з Іспаніяй, прысягнуў у 1567 Філіпу II Іспанскаму, аднак пасля прыбыцця ў Нідэрланды герцага Ф.Альбы быў разам з Эгмантам арыштаваны, абвінавачаны ў змове і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНА́Я,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка аргоскага цара Акрысія, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука. Акрысій зняволіў прыгажуню Д. ў падзямелле, куды ніхто не мог увайсці. АднакЗеўс трапіў да Д. ў выглядзе залатога дажджу і яна нарадзіла Персея. Паводле загаду бацькі Д. з сынам скінулі ў мора ў абабітай цвікамі скрыні. Іх выратаваў Дыктыс, рыбак з в-ва Серыфос. Пазней Д. з сынам вярнуліся на радзіму, дзе Персей незнарок забіў дзеда кінутым дыскам. Вобраз Д. шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, пампейскія фрэскі, карціны Л.Лота, А.Карэджа, Рэмбранта, Тыцыяна і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́КСАН ((Jackson) Махалія) (Мехейлія; 26.10.1911, г. Новы Арлеан, ЗША — 27.1.1972),
амерыканская спявачка. З 1928 працавала з рознымі хар. і інстр. групамі, вылучылася пераважна выкананнем негрыцянскіх рэліг. песень і гімнаў (т. зв. «госпел»), а таксама спірычуэл. Яе першы запіс створаны ў 1934, найб. поспех набыла яе версія песні-госпел «Уздыміся крыху» (1945). У 1950-я г. шмат выступала на радыё і тэлебачанні, спявала на інаугурацыі Дж.Кенэдзі, у прэстыжных залах, у т. л. «Карнегі-хол», з аркестрам Э.Элінгтана, гастраліравала ў Еўропе. Па рэліг. матывах не выконвала блюзы, аднак зазнала ўздзеянне традыцыі іх выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВА-КАРБАНА́ТНЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ І ГЛЕ́БЫ тып глеб, што фарміруюцца пад лугавой расліннасцю ў месцах з неглыбокім ад паверхні заляганнем карбанатных парод у выніку ўзаемадзеяння дзярновага і балотнага глебаўтваральных працэсаў. У залежнасці ад ступені забалочанасці вылучаюць слабаглеяватыя, глеяватыя і глеевыя падтыпы. Глебы характарызуюцца вял. колькасцю гумусу і наяўнасцю дробнакамякаватай структуры, аднак у іх мала фосфару і калію. На Беларусі найб. пашыраны ў Брэсцкай і Віцебскай абл., дзе трапляюцца ў комплексе з дзярнова-глеевымі. Выкарыстоўваюцца пераважна пад лугавыя ўгоддзі. Пры выкарыстанні пад ворыва патрабуюць асушальнай меліярацыі, якая павышае іх урадлівасць у 2 разы.