МОРФАМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ Адлюстроўваюць колькасную характарыстыку форм і структуры геагр. аб’ектаў і тэр. размеркаванне морфаметрычных паказчыкаў (гл. Марфаметрыя). Складаюцца шляхам пераўтварэння тапаграфічных і тэматычных карт. Вылучаюць: М.к. рэльефу, якія адлюстроўваюць верт. і гарыз. расчляненне, нахілы, ярыстасць, закарставанасць і інш., гідралагічныя, якія характарызуюць звілістасць рэк, канфігурацыю рачной сеткі, заазёранасць і забалочанасць тэрыторыі і інш.; М.к. глебава-расліннага покрыва, ландшафтаў, сац.-эканамічныя і інш.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЮТА́НТЫ,

рэчывы або злучэнні, якія выклікаюць забруджванне навакольнага асяроддзя пры дасягненні пэўнай колькасці і канцэнтрацыі. Паводле характару паходжання бываюць фіз. (энергія, радыяцыя, шум і інш.), хім. (злучэнні азоту, серы, ртуці, металаў і рэчывы — гербіцыды, пестыцыды і інш.), біял. (патагенныя мікраарганізмы); паводле аб’ектаў забруджвання — атмасферныя, водныя, глебавыя, ландшафтныя. Адрозніваюць П. першасныя (прыродныя) і другасныя (антрапагенныя), якія ўтвараюцца ў выніку быт., с.-г., прамысл. дзейнасці.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ГІДРАМЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫ ТЭ́ХНІКУМ імя А.​Я.​Кляшчова. Засн. ў 1946 у г. Пінск Брэсцкай вобл. Імя Кляшчова прысвоена ў 1970. Рыхтуе тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-будаўнікоў, тэхнікаў па дарожным будаўніцтве, гідратэхнікаў. Спецыяльнасці (2000/01 навуч. г.): меліярацыя і водная гаспадарка; механізацыя меліярац. і водагасп. работ; буд-ва дарог і трансп. аб’ектаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 12, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБЛЕ́МА (ад грэч. problema задача, заданне),

у шырокім сэнсе — складаная тэарэт. або практычная задача, якая патрабуе вывучэння, вырашэння; у навуцы — супярэчлівая сітуацыя, якая выступае ў выглядзе процілеглых пазіцый у тлумачэнні якіх-н. з’яў, аб’ектаў, працэсаў і патрабуе адэкватнай тэорыі для яе вырашэння. Фармулюецца ў розных формах лагічнай структуры ведаў: суджэння, пытання, гіпотэзы. Калі П. ставіцца без дастатковай падставы, яна становіцца псеўдапраблемай.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак пра аб’екты, што складаюць прамысловыя рэсурсы краіны, рэгіёна. Змяшчае прамысл.-біял. характарыстыку аб’ектаў (класіфікацыя, дынаміка відаў і папуляцый, ступень іх даследаванасці, нормы здабычы, меры аховы і інш.), сац.-эканам. ацэнку, картаграфічныя і стат. звесткі, рэкамендацыі па рацыянальным выкарыстанні, напр., Дзярж. кадастр жывёльнага свету Рэспублікі Беларусь (уключае кадастравыя кнігі паляўнічых і прамысл. жывёл) і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫ ФОН,

асобныя фізічныя, хім. і інш. паказчыкі, якія характарызуюць прыроднае асяроддзе ці ўмовы пэўнай мясцовасці і выражаюць узровень уздзеяння розных прыродных фактараў. Дазваляе праводзіць колькасную і якасную ацэнку ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. Напр., геахім. фон падземных вод, канцэнтрацыя азону ў атмасферы, фон тэхнагенных таксікантаў у глебе і інш. На Беларусі з’яўляецца адным з аб’ектаў Нац. сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЧАНКА (Глеб Віктаравіч) (н. 8.9.1927, г. Смаленск),

бел. вучоны ў галіне гідрамеліярацыі. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў БПІ (1954). З 1961 у Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (г. Мінск). Навук. працы па тэорыі ўзаемадзеяння турбулентных патокаў з жорсткімі і дэфармавальнымі межамі, мадэляванні водных аб’ектаў і гідразбудаванняў на рэках Беларусі, Сібіры і Сярэдняй Азіі.

Тв.:

Воздействие потоков на мелиоративные и водохозяйственные сооружения. Мн., 1985.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНЫ ЭКРА́ННЫ ФІЛЬТР,

сродак радыяцыйнай засцярогі людзей (ці інш. біял. аб’ектаў) ад шкодных выпрамяненняў дысплеяў, тэлевізараў і інш. У напрамку да карыстальніка змяншае інтэнсіўнасць эл.магн. выпрамянення (у т. л. рэнтгенаўскага, ультрафіялетавага, інфрачырвонага, радыёчастотнага), узровень эл. статычнага поля, інтэнсіўнасць люстраных блікаў, павялічвае кантраст (выразнасць) відарысаў. Уяўляе сабой пласціну са шкла ці пластмасы са спец. дамешкамі, пакрытую спец. саставам. Гл. таксама Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛАКО́Ў (Генадзь Ціханавіч) (н. 18.7.1941, с. Чарнігаўка Прыморскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў БПІ (1963). З 1976 у Бел. політэхн. акадэміі (з 1993 праф.). Навук. працы па аўтам. кіраванні і рэгуляванні цеплаэнергет. аб’ектаў на ЦЭС. Распрацаваў сістэмы аўтам. рэгулявання магутнасці энергаблокаў (укаранёны на Лукомскай ДРЭС).

Тв.:

Инженерные экспресс-методы расчета промышленных систем регулирования: Справ. пособие. Мн., 1984.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯФІЛІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю),

ліяфільная сушка, высушванне біял. матэрыялу ў замарожаным стане пад вакуумам. Вільгаць выдаляецца з замарожаных аб’ектаў шляхам сублімацыі лёду (пераўтварэння яго ў пару без вадкай фазы). Абязводжаны матэрыял лёгка раствараецца ў вадзе і аднаўляе свае ўласцівасці. Выкарыстоўваецца для захоўвання асн. якасцей біял. прэпаратаў (у электроннай мікраскапіі), атрымання сухой плазмы крыві, мікрабіял., харч. і хім. прамысловасці.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)