Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

язва назоўнік | жаночы род

  1. Гнойная або запалёная ранка на скуры ці слізістай абалонцы.

    • Незагойная я.
  2. пераноснае значэнне: Зло, шкода.

    • Грамадскія язвы.
  3. пераноснае значэнне: Пра шкадлівага, з’едлівага чалавека (размоўнае).

Сібірская язва — вострая заразная хвароба жывёлы і чалавека.

Язва страўніка — хранічнае захворванне страўніка з пашкоджаннем слізістай абалонкі.

|| памяншальная форма: язвачка.

|| прыметнік: язвавы.

  • Язвавая хвароба (язва страўніка або дванаццаціперснай кішкі).

язвеннік назоўнік | мужчынскі род | размоўнае

Чалавек, які хварэе язвавай хваробай.

|| жаночы род: язвенніца.

язджалы прыметнік

Такі, па якім многа ездзілі, біты.

  • Язджалая дарога.

яздок назоўнік | мужчынскі род

  1. Той, хто едзе на кані вярхом або кіруе запрэжкай.

    • Ездакі пазлазілі з коней.
  2. Пра таго, хто ўмее добра ездзіць (у 3 знач.).

    • Добры я. на матацыкле.

Фразеалагізм:

  • Не яздок куды (размоўнае) — пра таго, хто не хоча або не можа ездзіць куды-н., бываць дзе-н.

язмін назоўнік | мужчынскі род

Дэкаратыўны куст сямейства каменяломнікавых з белымі пахучымі кветкамі, сабранымі ў невялікія гронкі.

|| прыметнік: язмінавы.

язык назоўнік | мужчынскі род

  1. Рухомы мышачны орган у ротавай поласці, які з’яўляецца органам смаку, а ў чалавека ўдзельнічае таксама ва ўтварэнні гукаў мовы.

    • Паказаць я.

    • Малако ў каровы на языку (прыказка).

    • Заліўны я. (страва).

    • Востры на я. (умее гаварыць трапна, з’едліва).

    • Доўгі я. у каго-н. (пераноснае значэнне: пра балбатлівага чалавека; размоўнае неадабральнае).

    • Злы я. у каго-н. (пераноснае значэнне: хто-н. злосна, з насмешкай гаворыць пра каго-, што-н.; размоўнае).

    • Злыя языкі (пераноснае значэнне: пра ахвотнікаў да плётак, нагавораў).

    • Мянціць (малоць) языком (пераноснае значэнне: займацца пустой балбатнёй; размоўнае).

    • Прыкусіць я. (пераноснае значэнне: спахапіўшыся, раптоўна замаўчаць, устрымацца ад выказвання; размоўнае).

    • Прытрымаць я. (пераноснае значэнне: памаўчаць; размоўнае).

    • Пытанне было на языку ў каго-н. (хто-н. гатоў быў задаць пытанне).

    • Развязаць я. (загаварыць, разгаварыцца пасля маўчання; размоўнае).

      • Віно развязала я. каму-н. (прымусіла разгаварыцца; размоўнае).
    • Распусціць я. (пачаць гаварыць лішняе; размоўнае неадабральнае).

    • Сарвалася з языка што-н. у каго-н. (сказаў міжвольна, не падумаўшы; размоўнае).

    • Трымаць я. за зубамі (пераноснае значэнне: маўчаць, калі гэта патрэбна).

    • Цягнуць за я. каго-н. (пераноснае значэнне: прымушаць гаварыць, выказвацца; размоўнае).

    • Я. без касцей у каго-н. (пераноснае значэнне: пра каго-н., хто любіць многа гаварыць, гаворыць лішняе, пустое; размоўнае).

    • Я. добра падвешаны ў каго-н. (мастак добра гаварыць; размоўнае).

    • Я. не паварочваецца сказаць (не хопіць рашучасці сказаць; размоўнае).

    • Я. праглынеш (пераноснае значэнне: пра што-н. надта смачнае; размоўнае).

    • Я. свярбіць у каго-н. (пераноснае значэнне: цяжка прамаўчаць, хочацца сказаць; размоўнае).

  2. пераноснае значэнне: Палонны, ад якога можна атрымаць патрэбныя звесткі (размоўнае).

  3. У звоне: металічны стрыжань, які ўтварае гук ударамі аб сценкі.

  4. пераноснае значэнне: Пра што-н. выцягнутае, па форме падобнае на язык.

    • Языкі полымя.
    • Языкі сумётаў.

|| памяншальная форма: язычок.

|| прыметнік: языковы і язычны.

  • Языковая мышца.
  • Язычныя нервы.

языкаты (языкасты) прыметнік

Востры на язык, ахвочы паспрачацца, панасміхацца.

  • Языкатая (і языкастая) жанчына.

|| назоўнік: языкатасць і языкастасць.

язычнік назоўнік | мужчынскі род

Паслядоўнік язычніцтва.

|| жаночы род: язычніца.

язычніцтва назоўнік | ніякі род

Рэлігія, заснаваная на пакланенні многім багам, ідалапаклонства.

|| прыметнік: язычніцкі.

язычок назоўнік | мужчынскі род

  1. гл. язык.

  2. Адростак на заднім краі паднябення ў поласці рота.

  3. Невялікі адростак ля асновы ліставой пласцінкі ў злакавых і некаторых інш. раслін (спецыяльны тэрмін).

  4. Рухомая, адным канцом прымацаваная пласцінка ў розных прыстасаваннях.

    • Я. чаравіка.
    • Я. замка.
    • Я. музычнага інструмента.

|| прыметнік: язычковы.

  • Я. музычны інструмент.