Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

флаг1 назоўнік | мужчынскі род

Прымацаваны да дрэўка або да шнура кавалак матэрыялу адпаведнай формы і колеру, часта з эмблемай.

  • Дзяржаўны ф. Беларусі.
  • Белы ф. (парламенцёрскі або знак капітуляцыі).
  • Застацца за флагам — 1) у конна-спартыўных спаборніцтвах: не паспець прайсці дыстанцыю, адзначаную флажком, ва ўстаноўлены час; 2) пераноснае значэнне адстаць у чым-н. ад іншых, не дасягнуць мэты, не быць дапушчаным куды-н.
  • Пад флагам якім або чаго — 1) пад якім-н. лозунгам, у імя чаго-н.; 2) прыкрываючы чым-н. свае сапраўдныя мэты і намеры.

|| прыметнік: флагавы.

флаг2 (флаг-) прыстаўка

Першая частка складаных слоў са знач.:

  • 1) у некаторых старых назвах: які мае адносіны да флагмана (у 1 знач.), напр. флаг-ад’ютант, флаг-афіцэр, флаг-капітан, флаг-лейтэнант;
  • 2) які мае адносіны да флага, напр. флаг-антэна, флагсігнал, флагшток.

флагман назоўнік | мужчынскі род

  1. Камандуючы эскадрай, буйным злучэннем ваенных караблёў.

  2. Вядучы ваенны карабель (марскі або паветраны), на якім знаходзіцца камандуючы эскадрай.

  3. Самы буйны або самы лепшы карабель флоту дадзенага раёна.

  4. пераноснае значэнне: Пра самае буйное, самае галоўнае сярод падобных.

    • Ф. культуры.

|| прыметнік: флагманскі.

флагшток назоўнік | мужчынскі род

Шост для пад’ёму флага.

флажок назоўнік | мужчынскі род

  1. Маленькі флаг, прызначаны для сігналізацыі, для ўпрыгажэння.

  2. Кавалачак паперы ў выглядзе флага, прымацаваны да шпількі, доўгай ніткі і пад.

    • Флажкі на карце.
    • Ёлачныя флажкі.

|| прыметнік: флажковы.

  • Флажковая сігналізацыя.

флакон назоўнік | мужчынскі род

Невялікая бутэлечка са шчыльным коркам (звычайна для духоў, адэкалону).

|| памяншальная форма: флакончык.

|| прыметнік: флаконны.

фламастэр назоўнік | мужчынскі род

Карандаш, у якім пішучым элементам з’яўляецца порысты стрыжань, насычаны фарбавальнікам.

|| прыметнік: фламастэрскі.

фламінга назоўнік | ніякі род | нескланяльнае

Паўднёвая вадзяная птушка з бледна-ружовым апярэннем, доўгай шыяй і доўгімі нагамі.

фланг назоўнік | мужчынскі род

Левы ці правы край шарэнгі, фронту, размяшчэння войск.

  • Ударыць з фланга.

|| прыметнік: фланговы.

  • Ф. ўдар.
  • Фланговая пазіцыя.
  • Ф. марш (рух паўз фронт праціўніка).

фланель назоўнік | жаночы род

Мяккая баваўняная або шарсцяная тканіна палатнянага перапляцення з двухбаковым начосам.

|| прыметнік: фланелевы і фланельны.