Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

таполя (топаль) назоўнік | мужчынскі і жаночы род

Дрэва сямейства вярбовых з высокім і моцным ствалом.

|| прыметнік: таполевы.

  • Т. пух.

тарпа (торп) назоўнік | мужчынскі і жаночы род

Вялікая сцірта снапоў, саломы або сена, складзеная асобым спосабам для захоўвання пад адкрытым небам.

то1 злучнік

  1. Ужыв. ў пачатку галоўнага сказа, каб падкрэсліць яго сувязь з папярэднім даданым умоўным сказам.

    • Калі не будзе дажджу, то пойдзем па грыбы.
  2. раздзяляльны. Ужыв. для сувязі членаў сказа і сказаў пры пералічэнні падзей, з’яў, прадметаў з пераменным чаргаваннем.

    • То тут, то там чуліся галасы.
    • Шум то сціхаў, то ўзмацняўся.
  3. раздзяляльны, які паўтараецца, з адмоўем «не» або з часціцай «ці». Ужыв. для выражэння проціпастаўлення з адценнем няпэўнасці, сумнення або меркавання, развагі (размоўнае).

    • Не то лодка, не то човен.

то2

Ужыв. у сказах пры вылучэнні, падкрэсліванні слова, да якога адносіцца.

  • Наступіў красавік, а надвор’е-то халоднае.

тога назоўнік | жаночы род

У старажытных рымлян: верхняе мужчынскае адзенне, род мантыі, звычайна з белай шэрсці.

  • Убірацца ў тогу каго-чаго (кніжнае) — спрабаваць выдаць сябе за каго-н. або заваяваць сабе якую-н. рэпутацыю, не маючы на гэта дастатковых падстаў.

тоеснасць назоўнік | жаночы род

  1. Поўнае падабенства, супадзенне.

    • Т. поглядаў.
  2. У матэматыцы: роўнасць, справядлівая пры любых лікавых значэннях велічынь, што ў яе ўваходзяць.

|| прыметнік: тоесны.

тоесны прыметнік

  1. гл. тоеснасць.

  2. Зусім падобны, аднолькавы, такі ж.

    • Тоесныя з’явы.

той займеннік

  1. Паказвае на што-н. аддаленае ў прасторы ці часе, не гэты.

    • Той лес.
    • На тым тыдні.
  2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаюцца з ліку іншых.

    • Вазьмі кніжку тую, якую яшчэ не чытаў.
  3. Паказвае на які-н. прадмет, асобу, пра якія гаварылася раней.

    • Прыйшла тая жанчына, якую мы чакалі.
  4. Паказвае на вядомую ўжо асобу ці прадмет.

    • Добры скрыпач быў т. Мікола.
  5. Іменна ён, не іншы, гэты ж самы (звычайна ў спалучэннях «той жа», «той самы», «той жа самы»).

    • Ехалі ў тым жа вагоне.
  6. у знач. назоўнік: Паказвае на якія-н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія ўжо ішла размова.

    • Яны выканалі і маю норму, а я таму і рады.
  7. Уваходзіць у састаў:

    • а) складаных злучнікаў: «дзякуючы таму што», «з прычыны таго што», «для таго што», «да тых пор пакуль», «за тое што» «у той час як», «нягледзячы на тое што», «пасля таго калі» і інш.;
    • б) словазлучэнняў, звычайна пабочнага характару, якія звязваюць розныя часткі выказвання: «апрача таго», «акрамя таго», «разам з тым», «між тым» і інш.

ток1 назоўнік | мужчынскі род

  1. Рух электрычнага зараду ў правадніку; электрычная энергія.

    • Токі высокай частаты.
  2. звычайна Пра нервовую энергію чалавека, якая ўспрымаецца іншымі людзьмі; нервовае напружанне, узбуджэнне.

ток2 назоўнік | мужчынскі род

  1. Спецыяльны будынак для складання, абмалоту і ачысткі збожжа; гумно.

    • Ток будавалі далёка ад хаты.
  2. Пляцоўка для абмалоту збожжа.

    • Збожжа на таку малацілі цапамі.