Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

зебра назоўнік | жаночы род

Дзікі афрыканскі конь з паласатай (чорнай і светла-жоўтай) афарбоўкай поўсці.

|| прыметнік: зебравы.

зеленавата (зеленавата-) прыстаўка

Першая частка складаных слоў са знач. з зялёным адценнем, напр. зеленавата-буры, зеленавата-сіні.

зелень назоўнік | жаночы род

  1. Зялёны колер, што-н. зялёнае.

  2. Расліннасць. расліны.

    • З. садоў.
    • Сакавітая з. лугу.
  3. зборны назоўнік: Некаторыя віды гародніны і траў, што скарыстоўваюцца ў ежу.

    • Палажыць з. у суп.

зелле назоўнік | ніякі род | размоўнае

  1. Тое, што і пустазелле.

  2. Травы як корм для жывёлы, ахрап’е.

    • Насячы зелля.
  3. Лекавыя травы, а таксама настой на іх для лячэбных мэт, зёлкі.

    • Варыць з.
    • Лячыцца зеллем.

зелянець дзеяслоў | незакончанае трыванне

  1. Станавіцца зялёным.

    • Медзь зелянее.
    • З. ад злосці.
  2. Пакрывацца свежай травой, лісцем.

    • Пачалі з. лугі і дрэвы.
  3. Віднецца (пра што-н. зялёнае).

|| закончанае трыванне: пазелянець і ззелянець.

зеляніна назоўнік | жаночы род

Тое, што і зелень (у 2 і 3 знач.).

  • З. паркаў.
  • Латок з зелянінай.

зеляніць дзеяслоў | незакончанае трыванне

Рабіць зялёным; фарбаваць у зялёны колер.

|| закончанае трыванне: пазеляніць.

земле прыстаўка

Першая частка складаных слоў са знач.:

  1. які мае адносіны да Зямлі (у 1 знач.), напр. землеапісанне (устарэлае);
  2. які мае адносіны да зямлі (у 2, 3, 4 і 5 знач.), напр. землекарыстанне, землеразрыхляльны, землеўгнаенне, землеўпарадчык, землечарпалка, землеадкрывальнік, землеўладальнік.

землекарыстанне назоўнік | ніякі род

Карыстанне зямлёй, сельскагаспадарчая эксплуатацыя яе.

  • Сістэма землекарыстання.

землепраходзец назоўнік | мужчынскі род

Даўнейшая назва падарожніка-даследчыка, які адкрываў новыя землі.

  • Рускі з. Сямён Дзяжнёў.