Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

гваздануць дзеяслоў | размоўнае | аднакратны дзеяслоў | закончанае трыванне

Моцна ўдарыць чым-н.

  • Г. кулаком.

гваздзік назоўнік | мужчынскі род

Травяністая дзікарастучая і садовая расліна з яркімі кветкамі і вострым пахам.

гваздзіка назоўнік | жаночы род | зборны назоўнік

Высушаныя пупышкі гваздзіковага дрэва, якія выкарыстоўваюцца як прыправа.

гваздзіковы1 прыметнік

Які мае адносіны да гваздзіка, уласцівы яму.

  • Г. пах.

гваздзіковы2 прыметнік

Які здабываецца з гваздзікі.

  • Г. алей.
  • Гваздзіковае дрэва.

гвалт назоўнік | мужчынскі род

  1. Прымяненне фізічнай сілы да каго-н.

    • Партызаны помсцілі немцам за г. і здзекі.
    • Гвалтом (прыслоўе) пасадзіць у машыну.
  2. Прымусовае ўздзеянне на каго-, што-н.

    • Чыніць г.
  3. Крык, лямант.

    • Кожны вечар у хаце стаяў г.
  4. у знач. выклічнік: Кліч аб ратунку ў выпадку небяспекі (размоўнае).

    • Г., ратуйце!

Хоць гвалт крычы (размоўнае) — пра цяжкае бязвыхаднае становішча.

гвалтаванне назоўнік | ніякі род

  1. гл. гвалтаваць.

  2. Тое, што і гвалт (у 1 і 2 знач.).

гвалтаваць дзеяслоў | незакончанае трыванне

  1. Чыніць гвалт (у 1 і 2 знач.).

    • Г. чыю-н. волю.
  2. Сілай прымушаць да палавой сувязі.

|| закончанае трыванне: згвалтаваць.

гвалтаўнік назоўнік | мужчынскі род

Той, хто чыніць гвалт (у 1 і 2 знач.).

гвалтоўны прыметнік

  1. Які суправаджаецца гвалтам, прымусам.

    • Гвалтоўная смерць.
  2. Раптоўны.

    • Г. агонь.
  3. Бурны, парывісты.

    • Г. вецер.

|| назоўнік: гвалтоўнасць.