Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

аж часціца

  1. часціца: Ужыв. як узмацненне ў знач. нават.

    • Аж крыкнуў ад радасці.
  2. часціца: Падкрэслівае інтэнсіўнасць далейшай часткі паведамлення.

    • Дайшоў аж да самога міністэрства.
  3. злучнік: Выражае выніковыя адносіны і ўзмацняе іх; так, што нават.

    • Машыны так гулі, аж вокны звінелі.

Аж чорна — вельмі многа.

  • Ягад у лесе аж чорна.

ажарэб назоўнік | мужчынскі род | спецыяльны тэрмін

  1. Роды ў кабыл, асліц, вярблюдзіц.

  2. Прыплод кабыл, асліц, вярблюдзіц.

ажно злучнік | часціца | размоўнае

Тое, што і аж.

ажур1 назоўнік | мужчынскі род

  1. Скразное вязанне, пляценне.

    • Вязаць ажурам.
  2. Лёгкая празрыстая тканіна.

    • Пакрывала з ажуру.

ажур2 прыслоўе

У бухгалтэрыі: такое вядзенне справы, калі кожная аперацыя рэгіструецца неадкладна пасля яе выканання.

(Усё) у ажуры (размоўнае) — усё ў парадку, усё як належыць.

ажурны прыметнік

Празрысты, тонкі, драбнасеткаваты.

  • Ажурная тканіна.
  • Ажурная вязь.
  • Ажурная работа — пра вельмі тонкую, майстэрскую работу.

|| назоўнік: ажурнасць.

ажывіцца дзеяслоў | закончанае трыванне

  1. Ажыць, набрацца сілы і энергіі, стаць больш выразным і яркім.

    • Чалавек ажывіўся, павесялеў.
    • Гутарка ажывілася.
  2. Напоўніцца жыццём, рухам, дзейнасцю.

    • Пайшла тэхніка на палі, мясцовасць ажывілася.
  3. Стаць больш актыўным, дзейным.

    • Сход ажывіўся.
    • Работа ажывілася.

|| незакончанае трыванне: ажыўляцца.

|| назоўнік: ажыўленне.

ажывіць дзеяслоў | закончанае трыванне

  1. Вярнуць да жыцця, зрабіць зноў жывым.

    • А. арганізм.
    • А. успаміны (пераноснае значэнне).
  2. Прыдаць сілы, энергіі; зрабіць ажыўленым, бадзёрым.

    • Радасная вестка ажывіла людзей.
  3. Напоўніць жыццём, рухам, дзейнасцю.

    • Вяселле ажывіла старэнькую хату.
  4. Зрабіць больш актыўным, дзейным.

    • А. работу нарады.

|| незакончанае трыванне: ажыўляць.

|| назоўнік: ажыўленне.

ажына назоўнік | жаночы род

  1. Кустовая калючая ягадная расліна сямейства ружакветных.

  2. Чорна-шызыя ядомыя ягады гэтай расліны, падобныя на ягады малін.

    • Збіраць ажыны.

|| прыметнік: ажынавы.

  • А. куст.
  • Ажынавае варэнне.

ажыннік назоўнік | мужчынскі род

Зараснік ажыны.