Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

абазваць дзеяслоў | закончанае трыванне

Даць каму-, чаму-н. мянушку.

  • А. смаўжом.

|| незакончанае трыванне: абзываць.

абазнацца дзеяслоў | закончанае трыванне

Памыліцца, прыняць каго-н. за другога, што-н. за другое.

  • А. ў прыцемку.
  • Прабачце, я абазнаўся.

|| незакончанае трыванне: абазнавацца.

абазначыцца дзеяслоў | закончанае трыванне

Зрабіцца бачным, прыкметным, намеціцца, адкрэсліцца.

  • У тумане абазначылася цёмная палоска лесу.

|| незакончанае трыванне: абазначацца.

абазначыць дзеяслоў | закончанае трыванне

  1. Памеціць што-н., зрабіць знак на чым-н.

    • А. на карце горы.
  2. Акрэсліць, зрабіць бачным.

    • Худзізна рэзка абазначыла скулы.
  3. Паказаць, абмаляваць галоўныя рысы якой-н. асобы ці з’явы.

    • А. характар героя.

|| незакончанае трыванне: абазначаць і абазначваць.

|| назоўнік: абазначэнне.

абазначэнне назоўнік | ніякі род

  1. гл. абазначыць.

  2. Знак, якім што-н. абазначана.

    • Умоўнае а.
    • Лікавыя абазначэнні.

абакрасці (абкрасці) дзеяслоў | закончанае трыванне

Зрабіць пакражу, тайна забраць чужое.

  • А. магазін.

|| незакончанае трыванне: абкрадаць і абкрадваць.

|| назоўнік: абкраданне і абкрадванне.

абалваніць дзеяслоў | размоўнае | закончанае трыванне

  1. Груба, збольшага абчасаць што-н., падрыхтаваць для далейшай апрацоўкі.

    • А. камень.
    • А. бервяно.
  2. Абы-як, на скорую руку падстрыгчы (жартаўлівае).

    • А. хлопца.
  3. Абдурыць, ашукаць.

    • А. слухачоў.

|| незакончанае трыванне: абалваньваць.

|| назоўнік: абалваньванне.

абалона назоўнік | жаночы род

  1. Частка даліны ракі, якая ў паводку заліваецца вадою.

    • Прылесная балоцістая а.
  2. Малады слой драўніны, што знаходзіцца паміж стрыжнем і карою.

|| прыметнік: абалонны.

  • Абалонныя лугі.

абалонка назоўнік | жаночы род

Покрыва ў выглядзе шкарлупіны, скуркі (у пладах), верхні слой чаго-н., покрыўная тканка.

  • А. зерня.
  • А. арэха.
  • Слізістая а.
  • Радужная а.

|| прыметнік: абалонкавы.

абалонне назоўнік | ніякі род

Тое, што і абалона.