Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

лабок назоўнік | мужчынскі род

  1. гл. лоб.

  2. Узвышэнне ў ніжняй частцы жывата над зрашчэннем пярэдніх касцей таза (спецыяльны тэрмін).

|| прыметнік: лабковы.

лабільны прыметнік | спецыяльны тэрмін

Няўстойлівы, рухомы.

  • Л. ціск.
  • Лабільная тэмпература.

|| назоўнік: лабільнасць.

лабірынт назоўнік | мужчынскі род

  1. У старажытнай Грэцыі і Егіпце — будынак з складанымі, заблытанымі хадамі, з якога цяжка было выйсці.

  2. пераноснае значэнне: Складанае, заблытанае становішча, размяшчэнне чаго-н.

    • Л. вуліц.
    • Л. думак.
  3. Унутранае вуха чалавека і пазваночных жывёл (спецыяльны тэрмін).

|| прыметнік: лабірынтавы.

лабіст назоўнік | мужчынскі род

Чалавек, які належыць да лобі.

|| прыметнік: лабісцкі.

лабіяльны прыметнік | спецыяльны тэрмін

Утвораны з удзелам губ; губны.

  • Лабіяльныя зычныя б, п.

|| назоўнік: лабіяльнасць.

лабіялізацыя назоўнік | жаночы род | спецыяльны тэрмін

Вымаўленне некаторых гукаў з акругленнем выцягнутых наперад губ.

|| прыметнік: лабіялізацыйны.

лава1 назоўнік | жаночы род

Прадмет хатняга абсталявання ў выглядзе шырокай дошкі на ножках для сядзення.

Сесці (трапіць) на лаву падсудных — пайсці пад суд.

|| прыметнік: лаўны.

лава2 назоўнік | жаночы род

Расплаўленая вулканічная маса, якая вывяргаецца на паверхню зямлі.

|| прыметнік: лававы.

лава3 назоўнік | жаночы род | размоўнае

Шырокі аднастайны масіў чаго-н.

  • Л. жыта.

лава4 назоўнік | жаночы род

Казацкая атака — нападзенне на праціўніка з флангаў і з тылу.

  • Казакі мчаліся лавай.