Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

іск, ‑у, м.

Спец. Звяртанне да суда з патрабаваннем аб абароне грамадзянскіх правоў. Прад’явіць іск. Задаволіць іск. Адмовіць у іску.

•••

Сустрэчны іск — іск, які прад’яўляецца адказчыкам істцу.

іскавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да іску. Іскавая заява.

іскарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памянш.-ласк. да іскра. Бадзёра замільгалі ружовыя, ледзь бачныя аганькі, запырскалі іскаркі. Лынькоў. Нядобрыя іскаркі бліснулі ў вачах старой. Кірэйчык.

іскра, ‑ы, ж.

1. Маленькая часцінка распаленага або палаючага рэчыва. Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Стралялі іскрамі ў грубцы бярозавыя дровы. Васілевіч.

2. Яркі зіхатлівы водбліск, бліскучая кропка. Вось першы промень над зямлёю бліснуў — І іскраў у расе не пазбіраць. Панчанка. На агромністым чорным полагу неба трапяталіся зеленаватыя іскры зорак. Паслядовіч.

3. перан.; чаго. Пачатак, пробліск, праяўленне якога‑н. пачуцця, думкі, таленту. Іскра радасці. Іскра надзеі. ▪ Здавалася, у .. моцным целе [Майбарады] звініць кожны мускул, а ў вачах ніколі не згасалі іскры вясёлага смеху. Шамякін.

•••

Электрычная іскра — форма імгненнага электрычнага разраду.

Аж іскры з вачэй пасыпаліся — пра замарачэнне ад болю ў выніку моцнага ўдару па галаве.

Божая іскра — пра адаронасць, наяўнасць таленту ў каго‑н.

Закінуць іскру (у душу) гл. закінуць.

іскравец, ‑раўца, м.

Рэвалюцыянер, які прымыкаў да групы газеты «Іскра», заснаванай У.І. Леніным у 1900 г.

іскравы, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да іскры (у 1 знач.). Іскравы ўлоўнік.

2. Які мае адносіны да электрычнай іскры, які прыводзіцца ў дзеянне электрычнай іскрай. Іскравы разрад. Іскравы генератар.

іскрагасільнік, ‑а, м.

Прыстасаванне ў дымавых трубах паравозаў, лакамабіляў і ў вагранках, на выхлапных трубах трактароў і камбайнаў, якое перашкаджае вылятанню іскраў.

іскразатрымальнік, ‑а, м.

Спец. Прыстасаванне для затрымання іскраў, якія вылятаюць з дымавых труб і палымнеючых пячэй.

іскрамётны, ‑ая, ‑ае.

Які кідае іскры; іскрысты. Агонь іскрамётны. // перан. Яркі, агністы. Васількевіч кінуў на Лукаша іскрамётны позірк і павярнуў у сваю спальню. Колас.

іскраны, ‑ая, ‑ое.

З іскраў, з іскрамі. Іскраны слуп.