Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ін-кварта, прысл.

У чацвёртую частку аркуша (пра фармат кнігі, часопіса, рукапісу). Кніга выдадзена ін-кварта. Рукапіс інкварта.

[Лац. in — у і quartus — чацвёрты.]

ін-фоліо,

1. прысл. У палавіну аркуша (пра фармат кнігі, альбома і пад.). Кніга надрукавана ін-фоліо.

2. нескл., м. Пра кнігу, альбом такога фармату.

[Ад лац. in — у і folium — аркуш.]

інавацыя, ‑і, ж.

Новая з’ява ў мове, якая адрознівае яе ад першапачатковага або ранейшага стану. Лексічная інавацыя. Семантычная інавацыя.

[Англ. innovation.]

інагурацыя, ‑і, ж.

Урачыстая працэдура ўступлення на пасаду кіраўніка дзяржавы, каранацыі манарха.

[Ад лац. inauguro — пасвячаю.]

інактывацыя, ‑і, ж.

Спец. Зніжэнне актыўнасці мікраарганізмаў, а таксама спецыфічных бялковых рэчываў пад уплывам розных фактараў.

інакш, прысл. і злучн.

1. прысл. Тое, што і іначай (у 1 знач.). Ужо зусім інакш, сустракалі назаўтра хлопцы сясцёр. Грахоўскі. — У нашым становішчы трэба разважаць інакш. Маўр.

2. злучн. супраціўны. Тое, што і іначай (у 2 знач.). Данік разумеў, што там — вялікі бой, можа нават такі, як бітва пад Барадзіно.., інакш немцы не кідалі б столькі авіяцыі. Шамякін.

3. злучн. далучальны. Далучае члены сказа, якія растлумачваюць змест папярэдніх слоў ці сказаў. [Бабручыха] была баба, як кажуць, набожная — кожную справу ў сваёй гаспадарцы пачынала малітвай з трэбніка. Былі ў ім розныя «чыны», інакш — абрады, і малітвы. Брыль.

•••

Інакш кажучы гл. кажучы.

Так ці інакш гл. так.

інакшы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і іншы. Вялося многа там ласёў І дзікіх коз было. Цяпер іх, кажуць, не відно, Не чуцен грозны рык; І п’юць хваёвае віно Інакшыя звяры... Панчанка.

інахадзь, ‑і, ж.

Адзін са спосабаў конскага бегу, пры якім конь адначасова выкідвае і апускае то абедзве правыя нагі, то абедзве левыя. Коні шпаркай інахаддзю прамчаліся па матава-зялёным лузе, пакінуўшы на роснай траве дзве цёмныя дарожкі, пераплылі з ходу рэчку. Хомчанка.

інаходзец, ‑дца, м.

Конь, які бегае інахаддзю.

іначай, прысл. і злучн.

1. прысл. Іншым спосабам, па-другому, не так. Справа пайшла іначай. ▪ — Жывы пра жывое думае, а як жа іначай! Іначай нельга. Чарнышэвіч. А яшчэ зусім нядаўна ўсё выглядала іначай. Кулакоўскі.

2. злучн. супраціўны. У адваротным выпадку, а то. — Тыл арміі павінен быць надзейны, Іначай мы не зможам наступаць. Глебка. — Павінна кожная рэч сваё месца ведаць, іначай, голуб мой, не парадак. Лынькоў.

•••

Не іначай (як) — падобна, што; іменна. Адкуль.. [Зелянюк] ведае? Не іначай вымудрае ўсё гэта яго маладая жвавая фантазія. Зарэцкі.

Так ці іначай гл. так.