Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ім 1,

гл. ён.

ім 2,

гл. яны.

імабілізаваць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Стварыць (ствараць) нерухомасць (спакой) пашкоджанай ці хворай частцы цела, каб пазбегнуць паўторнага пашкоджання або з лячэбнай мэтай.

[Ад лац. immobilis — нерухомы.]

імабілізацыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. імабілізаваць.

імавернасць, ‑і, ж.

Аб’ектыўная магчымасць ажыццяўлення чаго‑н., ступень ажыццявімасці. Імавернасць падзей. // Ступень абгрунтаванасці, упэўненасці ў праўдападобнасці або ажыццявімасці чаго‑н.; верагоднасць, дапушчальнасць. Такое дапушчэнне набывае тым большую імавернасць, што дыплом доктара медыцыны Скарына атрымаў у Італіі і мог быць таму прынят у Празе пазней за італьянскага батаніка. Алексютовіч.

•••

Тэорыя імавернасцей гл. тэорыя.

імаверны, ‑ая, ‑ае.

Праўдападобны, магчымы, верагодны. Імаверная гіпотэза.

імажынізм, ‑у, м.

Адна з дэкадэнцкіх фармалістычных плыней у рускай і беларускай паэзіі пачатку 20 ст., лозунгам якой было вызваленне формы, славеснага вобразу ад зместу, ідэі.

[Ад фр. image — вобраз.]

імажыніст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік імажынізму. У Беларусі арганізацыі імажыністаў не было, але асобныя паэты ў сваіх шуканнях «арыгінальных вобразаў» выкарыстоўвалі мастацкія прыёмы гэтага літаратурнага напрамку. А. Макарэвіч.

імажыністка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да імажыніст.

імажынісцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да імажынізму, імажыніста.

імам, ‑а, м.

1. Правіцель мусульманкай дзяржавы, які спалучае ў адной асобе свецкую і духоўную ўладу.

2. Духоўны кіраўнік усіх магаметан або групы магаметан. // Той, хто правіць службу ў мячэці, а таксама мула — настаяцель саборнай мячэці.

[Ад араб. imām — які знаходзіцца наперадзе.]