Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

яўка, ‑і, ДМ яўцы; Р мн. явак; ж.

1. З’яўленне, прыход куды‑н. або прысутнасць дзе‑н. (звычайна па афіцыйнаму распараджэнню). Яўка ў суд.

2. Канспіратыўная сустрэча. Мінула гадзіна, прызначаная для яўкі, а .. [Косця] не ішоў. Новікаў. Паўлоўская мае сувязь з падполлем, атрымлівае і выконвае адказныя заданні, наладжвае яўкі, сустракаецца з іншымі падпольшчыкамі. Кудраўцаў. // Месца, памяшканне, дзе адбываецца такая сустрэча. Хведар.. быў чацвёрты чалавек у брыгадзе, .. які ведаў усе гарадскія яўкі. Шамякін. [Туравец] даў адрасы явак, сказаў умоўленыя паролі і працягнуў пашпарт і пропуск. Мележ. / Пра адрасы і іншыя звесткі аб такіх сустрэчах. [Хведар:] — Вось паролі і яўкі. Звязвайся з нашымі людзьмі. Няхай.

яўканне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. яўкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. — Кот, відаць, увіваўся каля некага і бесперапынным яўканнем вымагаў спажыву. Кулакоўскі.

яўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і мяўкаць.

яўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да яўкаць.

яўны, ‑ая, ‑ае.

1. Не скрыты, не сакрэтны; адкрыты. Адсідка ў крэпасці вяла за сабою паліцэйскі нагляд: яўны або патайны. Лужанін. Пасля ўсяго Гані стала зразумела адно: калі ў бойцы вораг быў яўны, адкрыты, узброены, яго бачылі твар у твар, то зараз, у мірную пару, яго цяжка распазнаць, нават з вока на вока. Грамовіч. І ні разу ён [Алесь] не прамінаў, каб дазнацца прычыну тых страхаў. А іх — яўных і ўяўных — хапала тады. Ваданосаў.

2. Зусім відавочны, зразумелы ўсім. Конь выказаў яўныя намеры кінуцца ўперад. Лынькоў. Ад гэтага вее ўжо не чым іншым, як яўным жаданнем некаму спадабацца. Васілевіч.

яўрэй,

гл. яўрэі.

яўрэйка,

гл. яўрэі.

яўрэйскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да яўрэяў, які належыць, уласцівы ім. Яўрэйская мова. Яўрэйскае насельніцтва. ▪ Ідучы з прыяцелем у Смалярню, Янка гаварыў аб яўрэйскай інтэлігенцыі, з якой пазнаёміўся. Колас.

яўрэйства, ‑а, н., зб.

Яўрэйскі народ, яўрэі.

яўрэі, ‑яў; адз. яўрэй, ‑я, м.; яўрэйка, ‑і, ДМ ‑рэйцы; мн. яўрэйкі; ‑рэек; ж.

Народ семіцкай моўнай групы, аб’яднаны агульным паходжаннем і, часткова, рэлігіяй, які цяпер жыве ў розных краінах.