Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

яна, яе, ёй, яе, ёй (ёю), аб ёй; мн. яны; займ. асаб. 3 ас. адз. ж.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка жаночага роду адзіночнага ліку, які абазначае, звычайна ў папярэднім кантэксце, прадмет гаворкі. Партыя намі кіруе, Мы — выхаванцы яе. Куляшоў. // (у спалучэнні са словам «сама»). Іменна тая, а не хто іншы; тая самая.

2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; яе. Як маліны, яе [Бандароўны] губкі, А твар, як лілея; Як дзве зоркі, яе вочы, Гляне — свет яснее. Купала.

3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яна — родная старонка!

яндоўка, ‑і, ДМ ‑доўцы; Р мн. ‑довак; ж.

1. У старажытнай Русі — вялікая медная пасуда для віна, піва, мёду.

2. Лаянк. Пра вялікі нос. — Гультай ты!.. Табе ж цяжка рукі завярнуць, каб табе нечага гэту яндоўку тваю на патыліцу звярнула. Крапіва.

янкі, нескл., м.

Мянушка амерыканцаў, ураджэнцаў ЗША.

[Ад англ. yankee.]

яно́, яго́, яму́, яго́, ім, аб ім; займ. асаб. 3 ас. адз. н.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка ніякага роду адзіночнага ліку, які ў папярэднім кантэксце абазначае прадмет гаворкі. Люблю, як шуміць жыта Сваім вусатым калоссем. Шуміць, смугою спавіта, Што зернем яно налілося. Шымук. Бярэ на повад свёкар Цыбатае цяля. Яно глядзіць здаля Сваім тужлівым вокам. Голуб. У садку, на самай сярэдзіне, уцалела адна яблыня. Лісце яе, праўда, прыхапіла агнём, яно завяла. Якімовіч. // (у спалучэнні са словам «само»). Іменна тое, а не іншае; тое самае.

2. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яно, тлумачэнне.

3. Ужываецца з пабочнымі словамі і ў безасабовых сказах у знач. узмацняльнай часціцы. [Яўхім:] — Праца, яно, вядома, нялёгкая, але заробак ёсць. С. Александровіч. — Яно добра маразком пагрэцца. Зарэцкі. // у знач. наз. яно́, яго́, н. Тое, што і гэта (у 4 знач.). [Голас:] — Куды, маладзічка, ідзеш? — Наташа спалохана азірнулася. — А ты не бойся. От ужо напалоханая... Ды яно ўсе цяпер такія. Асіпенка. // у знач. наз. яно́, яго́, н. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, з’явы, падзеі і пад., пра якія ідзе гутарка, якія знаходзяцца перад вачамі. Садзімся сабе ў сваю машыну і едзем. Яно і добра. Корбан. Здарылася яно неяк так, што [Галя] расла адна. Ермаловіч.

4. Ужываецца ў значэнні займенніка «гэта», паказваючы на што‑н. раней названае, упамянутае. Мне кажуць, што старасць прыгнула мяне, Не тое гавораць, не так яно, не! А. Александровіч. / У спалучэнні з часціцай «і». Так яно і ёсць: палонка. «Ну і разява», у думках аблаяў сябе Дзімка. Аляхновіч. Яно і крыўдаваць не было на каго. Кавалёў.

•••

Вось яно што! Вось яно як! гл. вось 2.

янот, ‑а, М яноце, м.

1. Невялікі драпежны звярок з цёмна-жоўтым густым футрам.

2. Футра гэтага звярка. Каўнер з янота.

[Ад лац. geneta.]

янотавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць яноту. Янотавае футра.

2. Зроблены з футра янота. Янотавы каўнер. Янотавая шуба.

янсенізм, ‑у, м.

Гіст. Рэлігійная рэфармісцкая плынь у каталіцкай царкве 17–18 стст., блізкая да кальвінізму.

[Ад імя яго заснавальніка галандскага багаслова К. Янсенія.]

янсеніст, ‑а, М ‑сце, м.

Гіст. Паслядоўнік янсенізму.

янсенісцкі, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Які мае адносіны да янсенізму, янсеніста. Янсенісцкія выступленні супраць езуітаў.

янтар, ‑у, м.

Скамянелая, звычайна жоўтага колеру розных адценняў, смала хвойных дрэў, якая ўжываецца для вырабу розных аздоб; бурштын. На бераг выкідвае мора Янтар з залацістым пяском. Смагаровіч. // Выраб з гэтай смалы. Відаць, што цар спраўляе свята. Сядзіць сам высака на троне,.. У брыльянтах, янтарах карона. Танк.

[Ад літ. gintâras, латыш. dziñtars.]