Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

яе,

1. Р і В склон ад асабовага займенніка яна. Хутка быў зменены ўвесь план аперацыі і самы пачатак яе перанесены на дзве гадзіны пазней. Лынькоў. Мы агнём і мячом здабывалі яе — Маладую рэспубліку працы. Глебка.

2. У значэнні прыналежнага займенніка: які належыць ёй. Яе сям’я. ▪ Слава бацькаўшчыне нашай І яе народам! Купала. Вусны яе ціха кратае ледзь прыметная ўсмешка. Зарэцкі.

яечка, ‑а, н.

1. Памянш.-ласк. да яйцо.

2. Парная мужчынская палавая залоза, што выпрацоўвае сперматазоіды і мужчынскія палавыя гармоны.

3. У батаніцы — устарэлая назва семязавязі.

•••

Як яечка — пра што‑н. добра зробленае, прыгожае. Тыдзень часу, і грэбля была б як яечка. Колас.

яечны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да яйца (у 1 знач.). Яечны жаўток. Яечная шкарлупіна. // Прыгатаваны з яец, з яйцамі. Яечнае мыла. Яечны парашок. // Звязаны з нарыхтоўкай, захаваннем і продажам яец. Яечная база. Яечны склад.

2. Жоўты, колеру жаўтка. Яечны колер.

яечня, ‑і, ж.

Ежа з разбітых і запечаных у тлушчы яец. На снеданне гаспадыня падала яечню: на вялікай скавародцы гарэлі сонцамі паміж апетытных кавалкаў румянага сала штук шэсць жаўткоў. Шамякін.

яечнік, ‑а, м.

Парная жаночая палавая залоза, у якой утвараюцца і спеюць палавыя клеткі.

яешня, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і яечня.