Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

яд, ‑у, М ядзе, м.

1. Рэчыва, здольнае выклікаць атручэнне, смерць жывога арганізма. Пчаліны яд. ▪ Яд гадзюкі на барсука амаль не дзейнічае. «Беларусь». / Разм. Пра шкодныя для здароўя напіткі, ежу і пад. Гарэлка шкодзіць, гэта — яд. // перан.; чаго. Пра ўсё тое, што шкодна дзейнічае на каго‑, што‑н. Атручваючы свядомасць працоўных ядам нацыяналізму, эксплуататарскія класы імкнуцца зрабіць іх няздольнымі да барацьбы за свае класавыя інтарэсы. «Весці».

2. перан. Злосць, з’едлівасць. Кожны гад мае свой яд. Прыказка.

яда, ‑ы, ДМ ядзе, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. есці.

2. Тое, што ядуць і п’юць; ежа. Застаўляе [пан] стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. Хлеб ды вада — маладзецкая яда. Прыказка.

ядавітасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць ядавітага. Ядавітасць мухамора. Ядавітасць насмешкі.

ядавіты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца ядам (у 1 знач.), здольны выклікаць атручэнне. Ядавітыя рэчывы. ▪ [Тварыцкага] на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны. — Газ ядавіты пускалі. Чорны. // Які змяшчае ў сабе яд. Бледная паганка — ядавіты грыб. ▪ Лугі, пашы.. часта бываюць засмечаны ядавітымі раслінамі. «Беларусь». // Які выдзяляе, выпускае яд, выпрацаваны спецыяльнымі органамі (пра жывёл). Ядавітыя змеі. Ядавіты павук каракурт.

2. Разм. Які непрыемна і раздражняльна ўздзейнічае на органы пачуццяў; едкі, пякучы. Ядавіты пах лаку. ▪ Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Мыслівец. / Пра яркі, рэзкі колер. Зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б’ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае страх. Карпюк. // перан. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны. Мы ўжо бачылі, што гэтае пытанне з’яўляецца асабліва ядавітым для філасофіі Маха і Авенарыуса. Ленін.

3. перан. Зласлівы, з’едлівы. Койфер з ядавітай іроніяй сказаў: — О, я цудоўна вас разумею, пан обер-лейтэнант. Вы ведалі ці здагадваліся аб гэтым палёце і, каб ратаваць сваё жыццё, уцяклі з вёскі... Шамякін. / Пра зласлівага, з’едлівага чалавека. — Ну, ты і ядавіты стаў, чорт гэтакі, — засмяяўся Сяргееў і ўзяў Валодзю за рукі. Федасеенка. // Які выражае зласлівасць, з’едлівасць. Немец за паліраваным сталом, здаецца, піў асалоду, гледзячы на Людмілу, на збітую Шуру. «Ну, што вы цяпер скажаце?» — пытаўся яго ядавіты позірк. Арабей.

ядазуб, ‑а, м.

Ядавітая яшчарка, што водзіцца ў стэпах і пустынях Паўночнай Амерыкі.

ядак, едака, м.

Тое, што і ядок.

ядальня, ‑і, ж.

Уст. Сталоўка, сталовая. — Я ж есці хачу, да ядальні іду... Гарэцкі.

яданосны, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе ядавітае рэчыва. Яданосныя расліны. Яданосны зуб змяі.

ядахімікат, ‑у, М ‑каце, м.

Хімічны прэпарат, які прымяняецца для барацьбы са шкоднікамі сельскай гаспадаркі. Апрацоўка пасеваў ядахімікатамі.

ядваб, ‑у, м.

Уст. і паэт. Шоўк. / у перан. ужыв. За каляінкамі для калёс — шырэйшыя стужачкі таго ж травянога ядвабу. Гартны.

[Польск. jedwab з чэшск.]