Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

яга, ‑і, ДМ язе, ж.

Тое, што і баба-яга (гл. баба 1).

ягада, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Невялікі сакавіты плод некаторых кустовых і травяністых раслін. На кустах ядлоўцу чарнеюць ягады. В. Вольскі. Паспелі ягады каліны, Ляцяць кляновыя лісты. Матэвушаў.

2. толькі мн. (ягады, ягад). Ядомыя плады гэтых раслін як прадукт харчавання, прадмет промыслу, гандлю і пад. Па гэтых сцежках хіба выпадкова маглі прайсці людзі — па грыбы ці па ягады. Шамякін. З вялікай ахвотай падмацаваліся хлопцы ягадамі ды назбіралі яшчэ ў шапку. Маўр.

•••

Вінная ягада — сушаны плод фігавага дрэва; інжыр.

Воўчыя ягады — чырвоныя або чорныя плады ядавітых лясных раслін.

Аднаго поля ягады (ягадкі) (неадабр.) — пра людзей, падобных у якіх‑н. адносінах адзін да аднаго.

ягадзіна, ‑ы, ж.

Разм. Адна ягада. Маці дастане з гары мерзлых журавін і пакладзе іх — па ягадзіне — ёй, Тані, у вушы. Пташнікаў. Шэмет палажыў ягадзіну назад у вазу, узяў у рукі другую, патрымаў і яе палажыў. Лобан.

ягадзіца, ‑ы, ж.

1. звычайна мн. (ягадзіцы, ‑дзіц). Задняя мясістая частка тулава чалавека, на якую садзяцца; сядалішча.

2. Палавіна гэтай часткі тулава ў форме паўшар’я.

ягадзічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ягадзіцы. Ягадзічныя мышцы.

ягадка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Памянш.-ласк. да ягада. Гэта толькі кветачкі, а ягадкі яшчэ будуць. Прыказка.

2. (звычайна ў зваротку). Разм. Ласкавая назва каго‑н. (часцей жанчыны). — Паплач, ягадка, і табе лягчэй стане... Сэрца адпусціцца. Бядуля.

•••

Аднаго поля ягадкі — тое, што і аднаго поля ягады (гл. ягада).

ягадны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ягады, уласцівы ягадам. Ягадная костачка. Ягадны пах. // Які дае, прыносіць ягады. Ягадныя расліны. // Багаты на ягады. Ягадны год. Ягаднае месца ў лесе. // Прыгатаваны з ягад, з ягадамі. Ягаднае варэнне. Ягадны кісель.

ягаднік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Месца, дзе растуць ягады, разводзяцца ягадныя расліны. Абапал пацягнуліся сады, агароды, ягаднікі. Мележ.

2. ‑у, зб. Ягадныя кусты, ягадныя расліны. На ягадніку, які густа накрываў тут зямлю, дзе-нідзе чырванелі брусніцы. Сіняўскі. Падымаецца пад нагамі прытаптаны ягаднік. Пташнікаў.

3. ‑а. Разм. Той, хто збірае або любіць збіраць ягады. Цэлымі днямі ўлетку або пад восень у пералеску чуліся галасы ягаднікаў і грыбнікоў. Лупсякоў.

ягаднікавы, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца ягаднікам (у 2 знач.). Ягаднікавы куст. // Які складаецца з ягаднікаў.

ягадніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да ягаднік (у 3 знач.).