Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ява, ‑ы, ж.

Тое, што сапраўды існуе або існавала; рэальнасць, рэчаіснасць, а не сон ці мара. Што снілася некалі ў снах — Праўдзіваю сталася явай. Глебка. Мы зрабілі явай казку, Зарунелі скрозь палі. Прыходзька. Блізкае Таніна дыханне напамінала Міколу: усё, што ён бачыць і чуе, — не сон, не фантазія, а страшная ява, ява вайны. Новікаў.

яванец,

гл. яванцы.

яванка,

гл. яванцы.

яванскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Явы, яванцаў, які належыць, уласцівы ім. Яванскае пісьмо. Яванскае ўзбярэжжа.

яванцы, ‑аў; адз. яванец, ‑нца, м.; яванка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. яванкі, ‑нак; ж.

Інданезійскі народ, які жыве на некаторых астравах Малайскага архіпелага (Яве, Суматры, Калімантане і інш.).

явар, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дрэва сямейства кляновых з вялікімі пяцілопасцевымі лістамі; белы клён (у Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўнае дрэва ў парках і садах). Каля сцежкі пахіліўся явар да каліны. Багдановіч. / ‑у, у знач. зб. Пасадка явару.

2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Паркет з явару.

3. ‑у. Абл. Аер. [Рэчка] нешырокая, з нізкімі берагамі, якія густа зараслі яварам, сітнягом і чаротам. Якімовіч. Не шумі, човен, па явару, не пужай качак маладзенькіх. Бядуля.

яваравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да явара. Яваравы ліст. // Зроблены з явару.

явачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да яўкі (у 1 знач.). Явачныя дні. Явачны час.

2. Які мае адносіны да яўкі (у 2 знач.), з’яўляецца яўкай. Заданне было тэрміновае: вынесці з друкарні шрыфты і даставіць іх на явачную кватэру. «Звязда». Ты прыцемна будзеш у Шацку, Пранікнеш у змроку цішком... А знаеш Чурыліху? Швачку? У швачкі наш явачны дом. Бялевіч.

•••

Явачным парадкам — без папярэдняй згоды, дазволу.

явіцца, яўлюся, явішся, явіцца; зак.

Разм. Прыйсці куды‑н., з’явіцца дзе‑н. Пайшоў сам Ксавэр Блецька. Ён смела і нахабна явіўся да Гальваса і адразу прыступіў да справы. Чорны. Заўтра табе трэба явіцца ў райвыканком. Скрыган.