Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

юнак, ‑а, м.

Чалавек мужчынскага полу, які не дасягнуў сталасці, малады чалавек, хлопец. Семнаццацігадовы юнак. Юнак-камсамолец. ▪ Юнакоў, дзяўчат усмешкі ззяюць водбліскам зарніц. Жычка. // перан. Пра дарослага ці пажылога чалавека, поўнага жыццёвых сіл, маладых імкненняў. Прафесару ішоў сорак другі год. Нягледзячы на гэткі ўзрост, ён адчуваў сябе зусім яшчэ юнаком, ды і з выгляду нельга было даць больш трыццаці. Галавач.

юнацкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць юнацкага; маладосць. Юнацкасць душы.

юнацкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да юнака, юнацтва, уласцівы ім. Юнацкае захапленне. Юнацкая мара. ▪ А працы многа, дзе ні глянь, Прастор юнацкаму запалу. Чарот. Кроў маю доўга пілі каты, сілы юнацкія нішчыў астрог. Таўлай.

юнацтва, ‑а, н.

1. Перыяд жыцця пасля малалецтва да сталасці; ранняя маладосць. Гады юнацтва. ▪ Напярэдадні юбілею маёй творчасці мне захацелася ўспомніць свой шлях і ўсё сваё жыццё. Я імкнуўся аднавіць усе драбніцы гэтага жыцця — сваё маленства, юнацтва, .. светлыя гадзіны творчасці, сваю сталасць. Купала.

2. зб. Юнакі. // Маладыя людзі абодвух полаў. Юнацтва планет усвядоміла, што сёння ствараецца будучыня і для яго. «Маладосць». Цябе, юнацтва, я люблю. Загартаванае ў вайну, Цану ты знала мазалю І хлебу ведала цану. Хведаровіч.

юначка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Асоба жаночага полу, якая не дасягнула сталасці, маладая дзяўчына.

юначы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і юнацкі. Юначы запал. ▪ Арлы маладыя, Юначая кроў, І радасць вы наша, І наша любоў. Колас. Дай жа, сынку, наглядзецца На юначы воблік твой. Прыходзька.

юнга, ‑і, м.

Падлетак на судне, які рыхтуецца стаць матросам і вывучае марскую справу, а таксама малодшы матрос у некаторых замежных флотах.

[Ням. Junge — хлопчык.]

юнгштурм, ‑а, м.

Арганізацыя рэвалюцыйнай нямецкай моладзі, створаная ў 1924 г. для барацьбы з фашызмам (з 1926 г. стала называцца «Чырвоны фронт моладзі»).

[Ням. Jungsturm.]

юнгштурмаўка, ‑і, ДМ ‑маўцы; Р мн. ‑мавак; ж.

Форма ваеннага ўзору, якую насілі члены юнгштурма, а таксама савецкая моладзь у 20‑х — пачатку 30‑х гадоў.

юнгштурмаўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да юнгштурма. Юнгштурмаўская форма.