Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

эшаланіраванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. эшаланіраваць.

эшаланіраваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад эшаланіраваць.

эшаланіравацца, ‑руецца; незак.

Зал. да эшаланіраваць.

эшаланіраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Спец. Размясціць (размяшчаць) эшалонамі (у 1 знач.). Мохарт здагадаўся, што камандзір палка выбраў для сябе сонечны бок, найбольш выгадную пазіцыю для адбіцця атак праціўніка. Адначасова эшаланіраваў па вышынях усю групу яшчэ да выхаду на поле бою. Алешка.

эшалон, ‑а, м.

1. Спец. Частка баявога парадку войск, калі размяшчэнне падраздзяленняў зроблена ў глыбіню ці ўступамі, а не па фронту. На світанні наша разведка данесла, што старыя нямецкія франтавыя ўмацаванні, першага і другога эшалона, пустыя. Машара.

2. Пры паходным перамяшчэнні войска — асобная частка агульнай калоны, якая рухаецца на пэўнай адлегласці ад другой. Калі ў 6 гадзін 30 мінут пачаць адвал ад левага берага першай хвалі дэсанта, то штурмавыя батальёны дывізій першага эшалона прычаляць да таго берага ў 7 гадзін 30 мінут. «Звязда».

3. Чыгуначны састаў, аўтакалона, група самалётаў для масавых перавозак спецыяльнага прызначэння. Эшалон з вугалем. ▪ Цяпер усе станцыі і пуці забіты ваеннымі эшалонамі, што так паспешліва гналіся на ўсход. Няхай. [Страмілін:] Мы адпраўляем першы эшалон нашых самазвалаў на Волга-Дон. Крапіва.

[Фр. échelon.]

эшалонны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эшалона. Эшалонны парадак. Эшалонны састаў.

эшафот, ‑а, М ‑фоце, м.

Памост для пакарання смерцю; плаха. Смела, высока ўзняўшы галаву, узыходзіць Кастусь Каліноўскі на эшафот. В. Вольскі. / у перан. ужыв. А тут бясстрашна маладосць нясе ў пятлю свае гады, вясну і цвет надзей кладзе на шлісельбургскі эшафот. Вялюгін.

[Фр. échafaud.]

эшыніт, ‑у, М ‑ніце, м.

Рэдкі мінерал чорнага колеру.