Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

этажэрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Род мэблі ў выглядзе некалькіх, размешчаных адна над другой паліц на стойках. Фанерныя палічкі сплеценай з лазовых пруцікаў этажэркі застаўлены кнігамі. Навуменка.

[Фр. étagère.]

этазол, ‑у, м.

Лекавы сродак з групы сульфаніламідных прэпаратаў.

эталаніраванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. эталаніраваць.

эталаніравацца, ‑руецца; незак.

1. Правярацца эталонам.

2. Зал. да эталаніраваць.

эталаніраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Правяраць па эталону.

эталогія, ‑і, ж.

Навука, якая вывучае паводзіны жывёл у прыродных умовах.

[Ад грэч. ēthos — звычай, нораў, характар і logos — вучэнне.]

эталон, ‑а, м.

1. Дакладны ўзор устаноўленай адзінкі вымярэння. Эталон метра. // Вельмі дакладны вымяральны прыбор, прызначаны для праверкі іншых такіх прыбораў.

2. перан. Кніжн. Узор, стандарт для параўнання з чым‑н. «Ляўкоўскія» вершы Купалы сталі для творчай моладзі эталонам. Ярош. Было боязна разбурыць новай сустрэчай тое хвалюючае дзіцячае ўяўленне аб чалавеку, які ў сэрцы працягваў жыць эталонам хараства, розуму, душэўнай тонкасці і абаяльнасці. Хадановіч.

[Фр. étalon.]

эталонны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эталона, з’яўляецца эталонам. Эталонныя прыборы.

этан, ‑у, м.

Бясколерны гаручы газ, які знаходзіцца ў прыродным і свяцільным газе.

[Ад грэч. aithēr — эфір, паветра.]

этап, ‑а, м.

1. Пункт на шляху руху войска, у якім ваеннаслужачыя забяспечваюцца начлегам, харчамі, фуражом. Зусім нечакана Рытвінскі выехаў у штаб Акруговага этапа. Баранавых.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — пункт для начлегу арыштанцкіх груп, а таксама ўвесь шлях іх руху да месца ссылкі. Лісты пажоўклыя пад ногі Асенні дожджык церабіў, За міляй мілю, праз астрогі, Этапы мералі ў Сібір. Лужанін. // Група, партыя арыштаваных, якая пад канвоем накіроўваецца куды‑н. Балюча скрыпяць і галосяць калёсы па жвіры. Па шырокім гасцінцы панура этап наш брыдзе. Танк. Забастоўкі фабрык і майстэрняў, этапы высылаемых з Грузіі, лік самагубстваў на Верыйскім мосце.. — усё гэта набліжала развязку, пагібель меншавіцкага ўладарства. Самуйлёнак.

3. Асобная частка чаго‑н. Этап пералёту. // Пэўны адрэзак дыстанцыі ў спартыўных спаборніцтвах. Этапы велагонкі.

4. Прамежак часу, перыяд, адзначаны якой‑н. надзеяй; стадыя, ступень у развіцці чаго‑н. За некалькі кароткіх хвілінак прамільгнула ў мыслях усё, што было звязана з настаўніцкаю работаю і ўсе тыя этапы, што былі пройдзены за чатыры гады: Цельшына, Выганы. Колас. Па-першае, цяперашні этап вызначаецца далейшым паглыбленнем дэмакратычнай асновы Саветаў, расшырэннем сістэмы народнага прадстаўніцтва. Машэраў.

•••

Па этапу (этапам) — у дарэвалюцыйнай Расіі — пад канвоем (пра перасылку арыштантаў).

[Фр. étape.]