Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

эн, нескл., н.

Назва літары «н».

энатэра, ‑ы, ж.

Адна- або шматгадовая расліна сямейства кіпрэйных з пахучымі жоўтымі кветкамі; асліннік.

энгарманізм, ‑у, м.

Спец. Атаясамліванне гукаў (інтэрвалаў, акордаў і пад.), якія маюць аднолькавую вышыню, але розную назву.

[Ад грэч. en — у і harmonia — сугучнасць.]

энгарманічны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Звязаны з энгарманізмам, заснаваны на прымяненні энгарманізму. Энгарманічныя гамы.

энда...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «унутраны», напрыклад: эндагамія, эндатэрмічны, эндакрынны.

эндагамны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да эндагаміі. Эндагамнае племя.

эндагамія, ‑і, ж.

Спец. Звычай першабытнага ладу, які дазваляў шлюб толькі паміж членамі адной грамадскай групы (племя, часам роду).

[Ад грэч. éndon — унутры і gámos — шлюб.]

эндагенны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які ўзнікае, дзейнічае ўнутры чаго‑н.; які тлумачыцца ўнутранымі прычынамі. Эндагеннае развіццё. Эндагенны працэс.

[Ад грэч. éndon — унутры і génos — род, нараджэнне.]

эндадэрма, ‑ы, ж.

Спец. Слой клетак у сцёблах і каранях раслін, які акружае ўсе ўнутраныя тканкі.

[Ад грэч. éndon — унутры і dérma — скура.]

эндакард, ‑а і эндакардый, ‑я, м.

Спец. Слой эпітэлію, які высцілае ўнутры поласць сэрца.

[Ад грэч. éndon — унутры і kardía — сэрца.]