Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

эм, нескл., н.

Назва літары «м».

эмалевы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эмалі (у 1 знач.). Эмалевыя фарбы. // Зроблены з эмалі; пакрыты, упрыгожаны эмаллю. Саша выняў з маленькай верхняй кішэні пінжака невялікую рубінавую зорачку з белым эмалевым галубком і ўрачыста падаў яе дзяўчынцы. Краўчанка.

2. Які звязаны са спосабам атрымання эмалі (у 2 знач.). Эмалевая тэхніка.

эмаль, ‑і, ж.

1. Непразрыстая шклопадобная маса для пакрыцця металічных прадметаў з мэтай захавання іх ад акіслення, а таксама глазура для пакрыцця мастацкіх вырабаў. У невялічкім.. [пакоі] з мяккай мэбляю і сінімі сценамі, упрыгожанымі медальёнамі з эмалі і ідылічнымі гравюрамі з народнага побыту, было поўна людзей. Караткевіч. // Паверхня з такога рэчыва ці слой яго на чым‑н. Цяпер палавіна вучняў нашай школы носіць гэтыя значкі з чырвоным крыжам на белай эмалі. Жычка. // перан. Пра гладкую бліскучую паверхню, якая нагадвае такую масу. У шырокім марскім прасторы белымі чайкамі плавалі яхты. Сярод ярка-зялёных далін былі відаць белыя будынкі сядзіб і санаторыяў; кудлатыя, як авечкі, хмаркі беглі па ўступах гор. Усё нібы ззяла золатам, зялёнай, блакітнай і белай эмаллю. Рамановіч.

2. Мастацкі выраб, пакрыты такой масай. Калекцыі эмалей.

3. Цвёрдае бліскучае рэчыва, якое пакрывае знешнюю частку зубоў.

4. Разм. Эмалевая фарба.

[Фр. émail.]

эмальер, ‑а, м.

Майстар па вырабу эмалі (у 2 знач.).

эмальерны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з вырабам эмалі (у 2 знач.). Эмальерная майстэрня.

эмаліраванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. эмаліраваць.

эмаліраваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад эмаліраваць.

2. у знач. прым. Пакрыты эмаллю (у 1 знач.). Фрося працадзіла малако, наліла эмаліраваны кубак сырадою. Пальчэўскі.

эмаліравацца, ‑руецца; незак.

Зал. да эмаліраваць.

эмаліраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Пакрываць эмаллю (у 1 знач.). Эмаліраваць посуд.

эмаліровачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эмаліроўкі; прызначаны для эмаліроўкі. Эмаліровачная вытворчасць. Эмаліровачныя работы.