Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

эвака...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «эвакуацыйны», напрыклад: эвакапункт, эвакашпіталь.

эвакапрыёмнік, ‑а, м.

Установа, якая ў час вайны, стыхійных бедстваў і пад. займаецца прыёмам эвакуіраваных раненых і хворых, рыхтуе іх да далейшай транспарціроўкі.

эвакапункт, ‑а, М ‑кце, м.

Установа, якая кіруе ў час вайны, стыхійных няшчасцяў і пад. арганізацыяй лячэння і эвакуацыі параненых, хворых, а таксама насельніцтва з небяспечных месц ці зоны ваенных дзеянняў.

эвакашпіталь, ‑я, м.

Спецыялізаваны шпіталь, дзе ў час вайны, стыхійных няшчасцяў і пад. стацыянарна лечаць эвакуіраваных параненых і хворых. З медсанбата Мірановіча адправілі ў эвакашпіталь у Тулу. Марціновіч.

эвакуатар, ‑а, м.

Той, хто займаецца эвакуацыяй каго‑, чаго‑н.

эвакуацыйны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эвакуацыі (у 1 знач.); прызначаны для эвакуацыі. Эвакуацыйны перыяд. Эвакуацыйны раён.

2. Звязаны з правядзеннем эвакуацыі. Эвакуацыйная камісія.

эвакуацыя, ‑і, ж.

1. Арганізаваны вываз насельніцтва, устаноў, прамысловых аб’ектаў і пад. з небяспечных мясцовасцей, якім пагражаюць ваенныя дзеянні або стыхійнае няшчасце. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок, пакуль прызвычаіўся жыць без маткі. Кулакоўскі.

2. Спец. Выдаленне чаго‑н. адкуль‑н. Эвакуацыя солі з раствору. Эвакуацыя паветра з віскозы.

[Ад лац. evacuo — апаражняю.]

эвакуіраваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад эвакуіраваць.

2. у знач. наз. эвакуіраваны, ‑ага, м.; эвакуіраваная, ‑ай, ж. Той (тая), каго эвакуіравалі куды‑н. Па вуліцах ходзіць шмат эвакуіраваных і франтавікоў. Грамовіч. На захад.. вярталіся на радзіму эвакуіраваныя. Пальчэўскі.

эвакуіравацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) эвакуіраваным. Урача няма з першага дня акупацыі. Кажуць, яна эвакуіравалася. Шамякін. Калі пачалася вайна, ён [Астравухаў] разам з маці эвакуіраваўся з Беларусі на ўсход. Данілевіч.

2. толькі незак. Зал. да эвакуіраваць.

эвакуіраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Правесці (праводзіць) арганізаваны вываз каго‑, чаго‑н. з небяспечнай мясцовасці. [Жонка Казанцава] эвакуіравала маёмасць бальніцы, дзе працавала ўрачом. Васілевіч. [Андрэй:] — Сям’ю эвакуіраваў на Урал, а сам, бачыш, не паспеў. Няхай.