Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

эбаніт, ‑у, М ‑ніце, м.

Цвёрды матэрыял з вулканізаваных каўчукавых сумесей, які выкарыстоўваецца для ізаляцыі ў электратэхніцы і для іншых мэт.

[Ад грэч. ébenos — чорнае дрэва.]

эбанітавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эбаніту, зроблены з эбаніту. Эбанітавыя трубкі. ▪ Шылкін узяў аловак з эбанітавай вазачкі, стукаў ім па пальцах, бы пералічваў іх. Савіцкі.

эбен, ‑а і ‑у, м.

Уст.

1. ‑а. Чорнае дрэва.

2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.

эбенавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да абена; зроблены з эбену. Эбенавая шкатулка. Эбенавая дошка.

2. у знач. наз. эбенавыя, ‑ых. Сямейства трапічных злучанапялёсткавых раслін, да якіх адносіцца і чорнае дрэва.

•••

Эбенавае дрэва — тое, што і чорнае дрэва (гл. дрэва).

[Ад грэч. ébenos — чорнае дрэва.]