Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

шыба, ‑ы, ж.

Кавалак шкла, устаўлены ў аконную раму. Мароз яшчэ не паспеў замураваць шыбы акон. Сачанка. Хаты — трывалыя, з тоўстых бярвенняў, але чамусьці з маленькімі, у чатыры шыбы, вокнамі. Хадкевіч.

шыбаваць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.

Разм. Хутка, жвава, імкліва рухацца, ісці і пад. Маці стаяла на дварэ і праводзіла вачамі фурманку, што шыбавала ў бок лесу. Колас. Яшчэ на золку паўз будку шыбуюць у лес местачкоўцы. Навуменка. Дарогай вернаю сахаты Шыбуе проста да ракі. Прыходзька.

шыбануць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да шыбаць.

шыбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Кідаць, шпурляць што‑н. Сёння Данька больш клапаціўся аб дзяўчатах. Ён паказваў, як лепш укалупіць гной на вілкі, як шыбаць праз акно на двор, не дужа торгаючы рукамі. Ермаловіч. // перан. Разм. Хутка, нядбайна гаварыць, вымаўляць (словы, рэплікі, заўвагі і пад.). Потым, мабыць, зразумеў [Максім] і чамусьці ўзлаваўся — пачаў злосна шыбаць словы. Шамякін.

2. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угару; шугаць (пра полымя, дым і пад.). Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Мележ. Полымя шыбае ўверх роўна, бо ў густым бярэзніку не праймае вецер. Пестрак. / у перан. ужыв. Гараць вераснёвыя ночы У неба шыбае агонь. Пушча. // Распаўсюджвацца, пранікаць куды‑н. Праз новыя крокаў трыста агонь ужо шыбаў па страсе. Чорны. Полымя шыбае праз дзверкі, гудуць паддувалы... Барашка. // безас. перан. Раптоўна ўрываючыся, дзейнічаць з вялікай сілай на каго‑н. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром. Быкаў. // перан. Налівацца чырванню, палымнець. [Каця] не спалохалася, пачуўшы, што ў скроні гулка забіла кроў, а твар шыбаў полымем. Алешка. // безас. перан. Выклікаць які‑н. стан. [Цобель:] Ну, уцягнуў ты мяне ў гісторыю!.. То ў холад, то ў пот шыбае! Мележ.

3. Разм. Хутка рухацца, ісці, ехаць і пад.; шыбаваць. — Ты вось што, — сказаў.. [гаспадарцы], — бяры сваіх памочніц і шыбай да машыны. Лупсякоў. А вечарком мы выпускалі У паветра белых галубоў. Зрабіўшы некалькі кругоў, У вышыню яны шыбалі. Багдановіч. Гутарка зацягнулася, і мы, выбраўшы зручны выпадак, пакінулі шумную кампанію паэтаў і ўжо шыбалі маскоўскім трамваем да Парку культуры і адпачынку імя М. Горкага. Хведаровіч. // Падаць, ісці (пра дождж, снег, град). Мяккі, пульхны, нібы з ваты, Мітуслівы і таўсматы З неба снег шыбае. Гілевіч.

4. Вельмі хутка расці. Вунь як трава шыбае.

шыбенік, ‑а, м.

1. Пакараны смерцю праз павешанне; павешаны на шыбеніцы. Як той і шыбенік, на сценцы Вісіць скрыпка на цвіку. Бядуля.

2. Разм. Свавольнік, балаўнік, гарэза. [Сын] у мяне такі ўжо шыбенік, забаўку знайшоў — у дзверы стукаць, — апраўдвалася маці. Сачанка. // Бандыт, якога чакае шыбеніца; галаварэз. — Што ты робіш, шыбенік! — нема загаласіў стары. Корбан. — Трэба было затрымаць тут гэтага шыбеніка і — аман. Бажко. Самога Яўхіма Халусту не спыніў бы Лявон, і бо баяўся былога панскага аканома. Не спыніў бы і яго малодшага сына Мікалая — шыбеніка і злодзея. Чарнышэвіч.

шыбеніца, ‑ы, ж.

Прылада для пакарання смерцю, зробленая з двух слупоў з перакладзінай. На першай вуліцы стаяла шыбеніца і на ёй вісеў труп павешанага чалавека. Чорны. Фашысты, спяшаючыся, ставілі шыбеніцы. Лынькоў. // Пакаранне смерцю на такой прыладзе. — Забіў [манах] чалавека, з чыёю жонкаю меў сувязь. Гэта пахла шыбеніцай. Чарнышэвіч. На ўсіх слупах у вёсцы віселі загады акупантаў: за дапамогу ваеннапалонным — шыбеніца. Жычка.

шыбер 1, ‑а, м.

Спец. Засаўка, засланка ў дымаходах заводскіх пячэй, нацельных установак, у газаправодах і пад.

[Ням. Schieber.]

шыбер 2, ‑а, м.

У капіталістычных краінах — буйны гандляр.

[Ням. Schieber.]

шыбкасць, ‑і, ж.

Абл. Уласцівасць шыбкага.

шыбкі, ‑ая, ‑ае.

Абл. Хуткі, імклівы, скоры. [Людзі] шыбкім крокам пусціліся да агню. Бядуля. Шкроб на шыбкім кані сваім вечарам хмарным прыскакаў у павет. Куляшоў.

шыбнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Тое, што і шыбануць.