Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

шуба, ‑ы, ж.

1. Зімовае верхняе адзенне на падкладцы з футра. [Клопікаў:] — Хапіліся сталовага серабра — а таго след прастыў, не дашукаліся і прадвадзіцельскай шубы... Лынькоў.

2. Поўсцевае покрыва некаторых жывёл. А як сонца зірне, Я [вавёрка] скачу па сасне. Цёпла ў шубе маёй І суровай зімой. Журба.

шубнік, ‑а, м.

Уст. Той, хто займаецца шыццём шуб, кажухоў, паўкажушкаў.

шугалея, ‑і, ж.

Раней — вялікая лодка з аднаго выдзеўбанага кавалка дрэва (звычайна дубу). Дзяўбаў паляшук Шугалеі, як гора, — Распарваў ён дуб, Дзеўбучы дзень да ночы Чаўны, як вялізныя Ноевы ночвы. Лойка.

шугануць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да шугаць.

2. Разм. Рынуцца куды‑н. Вучні шуганулі ад вокнаў, ад дзвярэй за парты. Шамякін. Статак шугануў на суседскі агарод. С. Александровіч. Пальцы рук .. [Гушкі] сціснуліся, скурчыліся; ён шугануў да воза, роўны, высокі. Чорны. // Прагучаць бурна, імкліва. З падворка шугануў на паляну меладычны перазвон званочкаў. Пестрак.

3. Разм. Зваліцца ўніз, шухнуць. Раптам Петрык — вось бяда! — Ледзь не з вершаліны, Закрычаўшы нема: — А-а-а-а!.. — Шугануў з яліны. Гілевіч. Скакаць з таварнага вагона Ніне было высока, але яна адчайна шуганула ўніз. Арабей.

4. Разм. Паліцца, пасыпацца адкуль‑н. [Алег] хацеў крыкнуць, пазваць бацьку, але не паспеў: цераз барты шуганула вада. Гамолка. На спіну шуганула зямля з травою і карэннямі зарасніку. Кулакоўскі.

5. Разм. Прагнаць каго‑н. адкуль‑н. [Іван Іванавіч:] — Дачакаліся, калі шуганулі з нашай зямлі навалач, збераглі яе [Канстытуцыю], як і зямлю, нашым потам, галубкі мае, палітую... Даніленка.

6. Зрабіць што‑н. у вельмі хуткім тэмпе. Трыста падвод з навакольных вёсак выехала ў лес па дрэва для народнага дома. Так шуганулі, што за тыдзень быў гатовы зруб, а за другі тыдзень і ўвесь дом. Пестрак.

шугаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Гарэць яркім полымем з успышкамі агню. На горад безупынна сыпаліся бомбы, кругом шугалі пажары. Няхай. [Юновіч] расказаў пра дровы, што шугаюць у печы, пра акно, ружовае ад ранішняга сонца. М. Стральцоў. Ярка шугалі падпаленыя імі [немцамі] саламяныя стрэхі, рассыпаючы вакол траскучыя іскры. Якімовіч. Маўчыць незнаёмы... Лучына шугае; Дзеці ў куточку сядзяць; Слёзы кабета рукой абцірае. Чарот. // Палаць, гарэць інтэнсіўна (пра полымя, агонь). Весела шугаў агонь, патрэскваў яловы сухастой. Паўлаў. Там, за лесам, полымя шугае, Цягнуцца пад неба языкі. Тармола. // Вырывацца, вылятаць адкуль‑н. (пра полымя і пад.). Высока ў неба ляцелі іскры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны. Новікаў. Шугаюць хвалі полымя з вокнаў і ўваходаў вестыбюля вакзальнай камяніцы. Шынклер. // Вылучаць гарачыню, абліваць гарачынёй. Ліпнёвае сонца шугае, Завялі на ліпах лісты. Грахоўскі. // перан. Праяўляцца, праходзіць бурна, імкліва. На дварэ шугала вясна — чуваць было, як дружна ціліўкалі птушкі, кудахталі куры. Гроднеў. [Яругін] добра зведаў, як кепска быць эвакуіраваным, бо ўся сям’я тады галадала, хоць жыла не на правым беразе Волгі, дзе шугала вайна, а на левым, дзе вайны не было. Карамазаў. Навокал шугаў май, шугаў пышна, усімі фарбамі, усімі пахамі вясны. Новікаў. На дварэ шугала навальніца. Сачанка.

2. Выпраменьваць яркае святло, свяціцца яркім няроўным святлом; палымнець. Палярнае ззянне шугала Вясёлкавым дзіўным святлом. Хведаровіч. За акном не пераставала шугаць бліскавіца, грымеў пярун. Броўка. Уперадзе, недзе, мабыць, пад Мінскам, чуліся выбухі, шугала крывавае зарава... Ставер.

3. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угору (пра полымя, дым, іскры і пад.). З вокнаў валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх. Гурскі. Час ад часу з трубы цягніка шугалі залацістым роем іскры. Машара. З труб .. [парахода] шугаў чорны дым. Ус.

4. Прыліваць да твару (пра кроў). Кроў шугае ў твар, даўкі камяк перасядае ў горле — і адразу цяжка, невыносна цяжка дыхаць. Савіцкі.

5. Моцна, парывіста дзьмуць; урывацца куды‑н. (пра вецер, туман, пару і пад.). Калючы парыўны вецер агнём шугаў у твар Люсі. Шашкоў. У твар байцам шугала гарачае паветра, над галавой свісталі асколкі. Шамякін. Цяпло шугае ў твар, весяліць цела і сэрца. Любата! Васілевіч. / у безас. ужыв. На Валю шугае туманам. Брыль. // Біць, моцна сячы (пра снег, дождж і пад.). Некалькі разоў па дарозе находзілі хмаркі і шугаў дождж. Кулакоўскі. Слухала [князёўна], як шуміць за акном вецер, як шугае па аканіцах снег, як час ад часу спяваюць пеўні. Лупсякоў.

6. Калыхацца, хвалявацца, біць, шумець і пад. (пра мора, хвалі). І хмары, здавалася, нават, радзелі, і хвалі нібыта шугалі не так. А. Вольскі. Пырскі б’юць нам у твары, ляцяць з Байкала, мора слаўнае наша шугае да скал. Русецкі.

7. каго-што. Падкідаць каго‑н. на руках; гушкаць. — На ўра! На ўра! Пісара падхапілі на рукі і пачалі шугаць. Колас. // Гайдаць, калыхаць што‑н. або чым‑н. А .. [рака] холадна шугала нястрымныя хвалі свае. Шынклер. Пыхала нядужая бліскаўка, і шугаў рабінаю вецер. Гарэцкі.

8. Хутка, рэзка падымацца ўгору; узлятаць. І ледзь паспявалі птушкі шугаць угару з-пад ног, калі сваёй лапатушкай дзед падцінаў мурог. Макарэвіч. // Хутка, імкліва лётаць, праносяцца ў паветры і пад. Шугаюць веерам ля хат чароды розных птушак. Ставер. // перан. Узнімацца ўверх, высіцца. Паабапал чыгункі тырчаў рэдкі жухлы хмызняк, толькі сям-там у неба шугалі велічныя ў сваёй адзіноце гонкія сосны. Васілёнак. У неба шугае касцёл. Сіпакоў.

9. Разм. Ісці, выбірацца адкуль‑н. Бацька пагладзіў Уладзіка. — Ідзі, сынку, дамоў. Толькі, як з лесу выйдзеш, шугай асцярожна. Ідзі жытам. Бядуля. — Добра, скажы, праз мінут дзесяць буду. [Абходчык:] — І шугай адсюль. Пабочным па палатне хадзіць забаронена. Курто. // Насіцца, вельмі хутка перамяшчацца. Між галля яна [вавёрка] шугае, Як маланка, лётае. Агняцвет. Там недзе нячутна шугаюць за спажываю вялізныя, як бярвенні, ненажэрныя шчупакі. Брыль.

10. Узмахваць (звычайна крыламі). / у вобразным ужыв. Бач, як над светам вясна Ўжо крыламі шугае! Чарнышэвіч.

11. Развявацца, лунаць, рэяць, трапятаць. Сёння сцяг наш над Мінскам шугае, Горад любы ізноў ажыве. Астрэйка. Ды сцяг, Што хацелі фашысты Тут ботам тупым растаптаць, У небе шугаў, прамяністы, Паспеўшы ўжо полымем стаць. Гаўрусёў. // перан.; каго. Разм. Трэсці, калаціць. Гаварыў Сымонка з імі [авечкамі], Дый самога страх шугаў. Колас.

12. Добра расці, хутка развівацца; буяць. Каноплі там шугалі, лён, Пшаніца, бульба, грэчка, віка, Ды бушавалі буракі. Валасевіч. Сухое сучча абрэжа нечы клапатлівы нож, а то і проста птушкі паабломліваюць, і дрэўца зноў пачне шугаць. Лобан. / у перан. ужыв. Яшчэ ніколі маладыя паэтычныя парасткі не прабіваліся так напорыста і паўсямесна і не шугалі так хораша і дружна, як у самы апошні час, як сёння. Гілевіч.

шугнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Тое, што і шугануць (у 1 знач.).

шукаемы, ‑ая, ‑ае.

У матэматыцы — які неабходна вызначыць, устанавіць. Шукаемая велічыня. // у знач. наз. шукаемае, ‑ага, н. Велічыня, якую неабходна вызначыць, устанавіць.

шукальны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выказвае пошук каго‑, чаго‑н. Шукальныя рухі.

2. Які імкнецца здабыць чыю‑н. прыхільнасць, спагаду. Аўгінька сціху, не падымаючы рукі, паціснула яго за кончыкі пальцаў і, зазірнуўшы ў вочы яму сваім асабліва блізкім, шукальным поглядам, прашаптала: — Пойдзем, Віця... Зарэцкі.

шукальнік, ‑а, м.

1. Чалавек, заняты пошукамі чаго‑н. Нястомным шукальнікам і адкрывальнікам хараства з’яўляецца ў сваіх новых творах У. Дубоўка. Гіст. бел. сав. літ. У шукальнікаў папараць-кветкі І праўды; У мару, Што вечна жыве чаканнем, — Не кіну ніколі — Насмешкі каменем, Бо траплю ў сябе. Арочка. // Асоба, якая займаецца прафесійна адкрыццём, пошукамі радовішчаў, новых раслін і пад. Прайшоў я шмат па сушы і па вадзе, Дапытлівы шукальнік і геолаг. Звонак. Вось так прайшлі шукальнікі алмазаў Удоўж і ўшыр суровую тайгу. Калачынскі.

2. Спец. Прыбор, прыстасаванне, якія служаць для адшуквання якіх‑н. аб’ектаў. Запальваюцца кантрольныя лямпачкі. Недзе ўнутры пацокваюць шагавыя шукальнікі, прыглушана гудуць механізмы. «Маладосць».

шукальніца, ‑ы, ж.

Жан. да шукальнік (у 1 знач.).