Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

шмалец, ‑льцу, м.

Гусіны тлушч. Птушынае царства, як у газетах пісалі, і не абы якой птушкі! Качкі, як гусі, а гусі, як ладныя індыкі. Адзін шмалец! Грамовіч. [Мацвееў:] — А зімой без кажуха, валёнак, не абмазаўшы твар шмальцам, і носу не вытыркай. Навуменка.

шмальцавацца, ‑цуецца; незак.

Зал. да шмальцаваць.

шмальцаваць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., што.

Запэцкваць, вымазваць чым‑н. сальным, ліпкім. Шмальцаваць целагрэйку.

шмальцавы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены, прыгатаваны са шмальцу. Шмальцавая мазь.

шманаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., без дап., на каго-што і з дадан. сказам.

У выразе: (і) не шманае — не звяртае ніякай увагі, не рэагуе на каго‑, што‑н., захоўвае поўны спакой. — І дзе ты гэтак налупіўся, Каб ты смалы ўжо быў напіўся. Ото натура! — жонка лае, А ён [Міхал] смяецца, не шманае. Колас. — Старэйшы [сын] і не шманае, што заўтра на вайну пойдзе, а меншы — дзіцё... Чарнышэвіч. І не шманаюць [жывёлы], што плывуць. Вада, а страху — ані знаку. Лужанін.

шмараванне, ‑я, н.

Разм.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шмараваць.

2. Лячэбная мазь; лякарства. [Ксёндз:] Я пані лякарства прывёз.. [Пані Яндрыхоўская:] А што за лякарства? [Ксёндз:] Такое шмараванне з розных зёлак і тлушчу.. Няхай пані нанач нашмаруецца ды ўкрыецца добра. Крапіва.

шмаравацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

Разм. Націрацца, намазвацца чым‑н. Шмаравацца шкіпінарам. // Церціся, скрэбціся чым‑н. Як ні шмараваліся нашы хлопцы венічкамі ў Анупрэя, а жывіцу, што папрыставала да цела, чыста адмыць не маглі. Машара.

шмараваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм.

1. каго-што. Націраць, намазваць каго‑, што‑н. чым‑н. Яны [Міхал і Антось] шмаруюць мылам вусы, «каб выдатней яны стаялі», і так ваксуюць боты, што маглі б шляхту «скасаваць». Клімковіч. [Іван] шмаруе варам дратву і вухам не вядзе. Грахоўскі. // Церці, праціраць, ачышчаючы што‑н.; наводзіць бляск. Томі трамбуе гравій, Томі шмаруе шкло, Томі рыхтуе каву. Лявонны.

2. аб што. Церціся, зачэпліваючыся за што‑н. у час руху, перамяшчэння, цягнучыся па чым‑н. Блішчала адным краем у перадку — у Янука ўгалавах — вышараванае аб пясок кола, шмаравала аб сухую загваздку. Пташнікаў.

шмаравоз, ‑а, м.

Разм. лаянк. Неахайны чалавек; мурза. [Франуся:] — Цэлы дзень то абмывай іх [дзяцей], то латай адзежу. Такія шмаравозы! Чарнышэвіч.

шмаравідла, ‑а, н.

Разм. Густая сумесь тлушчу з рознымі лекавымі рэчывамі для ўцірання ў скуру ці змазвання яе; мазь. Апрача розных сухіх траў у старога былі і нейкія пякучыя шмаравідлы, ад націрання якімі хворы ўскокваў, як шалёны, з ложка і бег на вуліцу. Рамановіч.