Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

чэ, нескл., н.

Назва літары «ч».

чэзласць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан чэзлага.

чэзлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які слаба расце, хілы (пра расліны). За рэчкаю слаўся голы куп’істы выган, на якім віднелася толькі некалькі чэзлых кусточкаў. Мележ. Неўзабаве пачалося балота, парослае чэзлымі бярозкамі ды лазняком. Ваданосаў. // З беднай расліннасцю. Жыццё красавала на Поўдні, а на Поўначы былі холад і пустэча, мёртвая зямля і чэзлая расліннасць. М. Стральцоў.

2. Хваравіты, слабы, кволы. У дзверы стукае вартаўніца — чэзлая, апранутая ў мужчынскі, да пят, кажух кабецінка — яна ўносіць запаленую лямпу. Навуменка.

чэзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чэз, ‑ла; незак.

1. Станавіцца чэзлым (у 1 знач.). У гарачыню, у лета, калі скрозь на падворках у нашай вёсцы жаўцела і перасыхала трава, калі на вуліцы быў гарачы, як прысак, жоўты пясок, калі вяла і скручвалася ў трубку лісце на бэзе, а на полі гінула і чэзла ўсё, у нашай хаце збіраліся кабеты і ішлі на рэчку сыпаць мак, каб быў дождж. Адамчык. Яблыня.. раптоўна пачала чэзнуць, вянуць. Лісточкі і пялёсткі зморшчыліся, абамлелі. М. Ткачоў.

2. Губляць здароўе, сілы, знясільвацца. — То што ж мне рабіць з вамі? — пачала ламаць рукі маці. — Сядзець ды глядзець, як вы [дзеці] марнееце ды чэзнеце? — яна заплакала. Сачанка. Прыбітыя горам бацька і маці бачаць, як на вачах чэзне дачка. Кудраўцаў.

3. перан. Станавіцца менш яркім, цямнець; гаснуць. Чэзлі цьмяныя фарбы захаду на спадах гор, хмурнела далеч. Надыходзіла ноч. Самуйлёнак. Касцёр то ярчэў, то чэз... Сябры, што разам хадзілі, Змахнуўшы слязу з вачэй, Ядлоўцавы дым вінілі. Кляўко. // Змяншацца, радзець, станавіцца менш выразным; знікаць. Прадвесне пеўня паіць з верхаводкі, сумёт зляжалы ўвачавідкі чэзне. Пысін. Чэзла, адступала нязвыкласць і прыходзілі ўпэўненасць, адчуванне павагі і даверу да складанай і магутнай тэхнікі, што была вакол. Савіцкі. І не дзіва, што чэзне туман, Што, народжаная ўначы, З павароткаю кожнай адходзіць зіма, Пасля студзеня ўладна прыходзіць май, Гучна звонячы ў сонечны шчыт. Караткевіч.

чэк 1, ‑а, м.

1. Грашовы дакумент з распараджэннем укладчыка банка аб выдачы ці пералічэнні прад’яўніку пэўнай сумы грошай з бягучага рахунку. Чэк трэба было асабліва асцярожна падпісваць. Скрыган. Тут [у таварыстве параходаўладальнікаў] неафіцыйна ўручаліся.. [містэру Лаяну] даволі буйныя чэкі. Лынькоў.

2. Квітанцыя ў касу з указаннем сумы, якую патрэбна ўнесці за тавар; талон з касы, які сведчыць пра тое, што за тавар, які купляецца, у касу заплачаны грошы. Выпісаць чэк. Аплаціць чэк. ▪ Пакуль Косця (яго чарга) выбіваў чэкі і падносіў талеркі з супам, Іван густа намазваў хлеб гарчыцай і еў. Шамякін.

[Англ. check.]

чэк 2, ‑а, м.

Участак поля з пасевамі рысу, абгароджаны землянымі валікамі для ўтрымання вады пры яго затопліванні. Рысавыя чэкі.

чэка, (з вялікай літары).

Гіст. Скарочаная назва надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй, сабатажам і спекуляцыяй, якая існавала ў першыя гады Савецкай улады. Пастанова Чэка.

чэкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чэка 1. Чэкавая кніжка. Чэкавыя аперацыі.

чэкадавец, ‑даўца, м.

Спец. Асоба, якая выдае чэк 1 (у 1 знач.).

чэкмень, ‑мяня, м.

Старадаўняе верхняе мужчынскае адзенне каўказскага тыпу ў выглядзе паўкафтана, пашытага ў талію са зборкамі ззаду.

чэкіст, ‑а, М ‑сце, м.

Гіст. Супрацоўнік Чэка. На калідоры стаялі напагатове чэкісты. Ключавы заўважыў у кутку Карнея Скібу, прывітаўся з ім і запрасіў да сябе ў кабінет. М. Ткачоў.