Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

чмакаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Чвякаць. Пятрусь голасна чмакаў, перакідаючы на бяззубых дзёснах гарачую бульбу, хлюпаў капустай і ўсё гаварыў, гаварыў... Брыль.

чмель, чмяля, м.

Насякомае сямейства пчаліных з тоўстым, укрытым густымі галаскамі целам. Прагугніў і ўпаў на сланечнік пухнаты руды чмель, апудраны, быццам мельнік, кветкаваю мукою. Капыловіч.

чмок, выкл.

Разм.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння адрывістага гуку, які атрымліваецца раптоўным раскрыццём сціснутых губ.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. чмокаць — чмокнуць.

3. у знач. наз. чмок, ‑у, м. Пацалунак. І ахвяры зносяць «Яну»: Хто абрус, хто палаценца, Хто ільну, хто рушнічок І цалуюць — хто ў каленца, Хто ў галёнку ўлепіць чмок. Колас.

чмокаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Разм.

1. Тое, што і цмокаць. Ваня чмокаў на каня, торгаў лейцамі. Новікаў. — Не даведаецца [Валодзя], я вас сустрэну ля паста, — паспешна дадавала Рыма, чмокала Марка ў шчаку і хуценька бегла ў сваю зямлянку... Васілеўская.

2. Утвараць гукі, падобныя на хлюпанне. Хлюпалі і сакавіта чмокалі капытамі ў рэдкай гразі змораныя коні. Нікановіч.

чмокнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да чмокаць.

чмурыць, чмуру, чмурыш, чмурыць; незак., каго-што і без дап.

1. Дурыць, адурманьваць, тлуміць. [Зоя:] — Дзень і ноч на заводзе і дома мудруе і майструе. Я ўжо казала яму: кінь ты, не чмуры галавы. Сабаленка. — Заўтра... Паслязаўтра. Пасля дожджыку ў чацвер, — ужо весела жартуючы, сказаў Каляда.. — Ты мне не чмуры — пасля дожджыку! Ваданосаў.

2. Ашукваць, абдурваць каго‑н., збіваць з толку. І тулілася ўдоўка, Пеставала прымака: — Ну й разумная галоўка! Як людзей ты чмурыш лоўка! Ну і лёгкая рука! Валасевіч.

3. без дап. Гаварыць, рабіць глупствы; хлусіць; прыдурвацца. [Антонаўна:] — А не чмуры ты, стары дурань. Дзяцей пагадаваў, а розуму не набраўся. Прокша. [Раіса:] — Кіньце чмурыць... Я не такая наіўная, каб не пазнаць, як крычыць сава. Зарэцкі.

чмурэць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Разм. Станавіцца дурным; дурнець.

чмут, ‑а, М чмуце, м.

Разм.

1. Хітры, спрытны ашуканец, несумленны ў адносінах з людзьмі чалавек. [Саўку] падабалася рэпутацыя чмута і манюкі, чалавека з абмежаванымі інтарэсамі. «Полымя». Даўней бадай што ў кожным сяле быў свой вядзьмар. А што ні вядзьмар — то найпершы чмут. Якімовіч.

2. Тое, што ачмурае; дурман; падман. Паводкай веснавою, Паходкай маладою Імклівіць вольны люд, Змятаючы з дарогі Вякоў старых парогі, Старых законаў чмут. Колас.

чмуціць, чмучу, чмуціш, чмуціць; незак., каго-што.

Разм.

1. Уносіць беспарадак недарэчнымі, бязглуздымі паведамленнямі; дарэмна трывожыць. [Сцяпан:] — Аб’явіўся недалёка нейкі прапаведнік — баптыст ён там ці які чорт?.. Чмуціць народ, нас [камуністаў] называе антыхрыстамі і — чым хочаш... Пестрак.

2. Уводзіць у зман, дурыць галаву каму‑н. [Настаўнік:] — [Багатыры] чмуцяць вам галовы праз цэрквы і школы, што гэтак і павінна быць, палохаюць вас карамі ў пекле, каб вы былі паслушнымі і пакорнымі. Колас. [Маці:] — Ты чаго ж гэта, нягоднік, абняславіў дзяўчыну, а цяпер туляешся па завуголлю, другой галаву чмуціш? Васілевіч.

чмыханне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. чмыхаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. У гэты момант за акном пачуўся скрып намерзлых палазоў і задаволенае чмыханне каня, які прабег доўгую дарогу і нарэшце пачуў стайню. Хацкевіч.