Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

чвакаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і чаўкаць (у 2 знач.). Дзесьці паблізу нешта вохкае, чвакае і шыпіць, нібы дрыгва тужыцца ўстаць са сваёй пасцелі, каб заліць тванню пясчаныя палеткі. Новікаў.

чвартаванне, ‑я, н.

Гіст. Сярэдневяковы спосаб смяротнай кары, пры якім спачатку адсякаліся рукі, ногі, потым галава.

чвартаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад чвартаваць.

чвартавацца, ‑туецца; незак.

Зал. да чвартаваць.

чвартаваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каго.

Зрабіць (рабіць) чвартаванне.

чвыр, ‑у, м.

Разм. Тое, што і жвір. Чыста былі замецены сенцы, высыпаны чвырам. Чорны. [Параска:] — Запражыце, цётка, каня ды чвыру вазы са два на дарогу вывезіце. Лобан. Прыступкі ганка свяціліся тады залацістай жаўцізной — гэтак бабка Настуся вышароўвала іх з чвырам. Місько.

чвэртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і чвэрць (у 1–5 знач.).

чвэрцевы, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца чвэрцю чаго‑н.; мерай у чвэрць. Чвэрцевая паўза.

2. Які мае адносіны да чвэрці (у 2 знач.); звязаны з заканчэннем чвэрці навучальнага года. Чвэрцевыя адзнакі.

чвэрць, ‑і, ж.

1. Чацвёртая частка чаго‑н. цэлага. Па дарозе, якая цягнулася ад хутара Сяргея за чвэрць вярсты, палякі адыходзілі даўгоў, шэра-зямлістай істужкай. Нікановіч. Не болей чвэрці веку пражыў на свеце Лабановіч, а пабыць яму даводзілася шмат дзе. Колас. // Чацвёртая частка гадзіны (пятнаццаць мінут). Гадзіннік паказваў без чвэрці адзінаццаць. Новікаў.

2. Адзін з чатырох перыядаў, на якія ўмоўна падзяляецца навучальны год. Троек за чвэрць у Стасікавым дзённіку было толькі дзве. Навуменка.

3. Даўняя мера сыпкіх рэчываў, роўная 8 чацверыкам (каля 210 л). Прададзена чвэрць аўса.

4. Даўняя мера вадкасці, роўная чацвёртай частцы вядра (3,08 л); пасудзіна такой ёмістасці. // Пасуда такой ёмістасці з гарэлкай. Неяк Лявон паспрачаўся з мужчынамі на чвэрць гарэлкі. Асіпенка.

5. Старая мера даўжыні, роўная чацвёртай частцы аршына (17,775 см). Бяру аршын і правяраю сам. Дык што ж вы думалі? Ну й жулікі! Ну й чэрці! Недахапіла ў мяне там Ні больш, ні менш — тры чвэрці. Крапіва.

6. Старая мера зямлі, роўная 40 сажням у даўжыню і 30 у шырыню. Як бліжэйшыя сваякі, яны [Нічыпар і Лявон] арандавалі Гарасімаву паўвалоку па чвэрці кожны. Чарнышэвіч.

7. Спец. Мера музычнага часу, чацвёртая частка цэлай ноты.

8. Спец. Адна з чатырох фаз Месяца, вузкі серп Месяца ў першай ці апошняй фазе.

9. Спец. Паз прамавугольнага сячэння па канту дошкі для змацавання адной дошкі з другой. Выбіраць чвэрці.

•••

Тры чвэрці да смерці — пра слабага, хворага чалавека, якому мала засталося жыць.

чвэрцьфінал, ‑у, м.

У спартыўных спаборніцтвах — гульня на першынство, якая папярэднічае паўфіналу.