Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ча-ча-ча, нескл., н.

Хуткі танец лацінаамерыканскага паходжання, які выконваецца ў рытмічнай манеры, а таксама музыка да гэтага танца. Танцаваць ча-ча-ча. Аркестр іграе ча-ча-ча.

чабан, ‑а, м.

Пастух, які пасе авечы статак. І гнаў чабан свой статак летам На вадапой праз стэп сівы, А моцны вецер выў над стэпам, Сухі ламаючы кавыль. Прыходзька. У скалы мёд зносяць руплівыя пчолы, Чабан грае песню на зурне вясёлай. Купала.

[Цюрк.]

чабанка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да чабан.

чабаноў, ‑ова.

Які належыць чабану. Чабанова пуга.

чабанскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чабана, належыць чабану. Чабанскія кібіткі.

чабаніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Быць чабаном; пасвіць авечкі.

чабаровы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чабару. Чабаровы водар перабіваў кіслы толавы пах, які кружыў галаву. Алешка.

2. Прыгатаваны з чабару; сабраны з кветак чабару. Чабаровы настой. ▪ Пасля лазні Віця забег на кухню, дзе Маша пачаставала яго духмяным чабаровым чаем, а адтуль падаўся ў клуб. Корзун.

3. Які парос чабаром. На чабаровых узлесках прыпякала сонца, і зграі аваднёў неслі над коньмі варту. Асіпенка.

чабарок, ‑рку, м.

Памянш.-ласк. да чабор.

чабор, ‑бару, м.

Травяністая духмяная расліна сямейства губакветных з дробнымі ружова-ліловымі ці белымі кветкамі. Вам кожны ўзгорак адклікнецца песняю, Запахне ружовы духмяны чабор. Тарас.

чабурэк, ‑а, м.

Страва народаў Усходу — піражок з тонка раскачанага прэснага цеста, начынены баранінай. Лягчэй было Хрысціне крымскія чабурэкі падаць на стол, чым бульбу. Гроднеў. А Крым — гэта нешта карычневае, фіялетава-карычневае, спякотнае, і татары па станцыях прадаюць чабурэкі. Лобан.

[Цюрк.]