Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ці, злучн. і часціца.

1. злучн. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў, якія па сваім значэнні з’яўляюцца аднолькава магчымымі ці раўназначнымі, указваючы на выбар аднаго з іх. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка. Рана ці позна, позна ці рана высахнуць слёзы, загоіцца рана. Вярцінскі. Я люблю слухаць Дарафея Сцяпанавіча. Асабліва яго паляўнічыя ці рыбацкія апавяданні. Паслядовіч. // З адценнем дапушчэння магчымасці аднаго з членаў сказа. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. [Граніца] праходзіла за дзве ці тры гадзіны хады на ўсход ад вёскі. Брыль.

2. злучн. размеркавальна-пералічальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. Ці буду я ў шчасці, ці буду я ў смутку, Ці буду ў вялікай бядзе — Цябе на часінку, цябе на мінутку Нідзе не забуду, нідзе. Бялевіч.

3. Уваходзіць у склад паўторнага пералічальна-размеркавальнага злучніка «ці то..., ці то». Тое, што і то 1 (у 2 знач.).

4. злучн. далучальны. Ужываецца для далучэння членаў сказа і сказаў з заўвагамі дадатковага характару. Бруно Шмульке, ці, як клікалі яго за вочы, Брунька-Шмунька, быў ціхім, непрыкметным чалавекам, негаваркім. Лынькоў. Бурыя, пад колер зямлі, берагавыя ластаўкі, ці, як іх яшчэ называюць, беражанкі, спрытна вывіваліся над вадой. Пальчэўскі.

5. злучн. падпарадкавальны. Ужываецца пры даданых сказах з ускосным пытаннем. [Пашка:] — Слухай, ці не знойдзецца ў цябе чаго ад бяссонніцы? Паўлаў. Толькі ў калідоры Надзя падумала, ці не збіраецца Сашка выступаць у канцэрце. Гроднеў. У Льва Раманавіча, помніцца, варухнулася сумненне, ці варта высяляць Сапуна. Асіпенка.

6. часціца пытальная. Узмацняе пытальны характар. [Гена:] Нязручна поначы ісці да чужых людзей... Гасцініца... Ці будзе там месца? Арабей. Дзе ж, дарога ты другая? Я стаю адзін, адзін, Ноч вакол ляжыць глухая... Ці ж то свет сышоўся ў клін? Колас. // З асобнымі прыслоўямі, назоўнікамі, займеннікамі, часціцамі ўтварае спалучэнні са значэннем сумнення, няўпэўненасці, нерашучасці, здзіўлення. Страху ў мяне цяпер як і не было. Ці мо проста не было калі думаць пра яго? Якімовіч. Пайшоў я зранку ў свой горад, бо ведаў, што ўдзень наўрад ці ўбачыш каго дома з блізкіх знаёмых. Кулакоўскі. — Ты што гэта, на Месяц ляцець сабралася, ці што? Гэтулькі пакункаў! — здзівіўся дзед, які зайшоў на кухню. Гарбук.

•••

Так ці інакш (іначай) гл. так.

Ці доўга, ці коратка гл. доўга.

ціверац,

гл. ціверцы.

ціверцы, ‑аў; адз. ціверац, ‑рца, м.

Племянная група ўсходніх славян, якая займала тэрыторыю ў нізоўях Днястра, Прута і Дуная.

цівун, ‑а, м.

Гіст. Назва розных службовых асоб у Расіі 10–17 стст. // Наглядчык за працай сялян у памешчыка ў часы прыгону. А ў Яносіка нічога з сабой не было; Цівуны ўсё адабралі, Усё агнём пайшло. Танк.

цівуноў, ‑ова.

Гіст. Які належыць цівуну, уласцівы яму.

цік 1, ‑у, м.

Спец. Нервовы стан, пры якім назіраецца міжвольнае перасмыкванне мышцаў твару, радзей шыі, рук. [Цывільны] стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў раз-поразу яго губы. Чорны. Лявон паволі злез з печы, пачаў гаварыць з жонкай і... падміргваць. Гэта ён учора вечарам .. напалохаўся, і ў яго з’явіўся нервовы цік. Сабалеўскі.

[Фр. tic.]

цік 2, ‑у, м.

Спец. Шчыльная льняная або баваўняная тканіна (звычайна паласатая), якая ўжываецца для абіўкі мэблі, для пашыўкі чахлоў і пад. Набіўны цік.

[Гал. tijk, англ. tick.]

цік 3, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дзікарослае дрэва сямейства вербенавых з моцнай драўнінай, якое расце ў лясной паласе Індыі, Індакітая.

2. ‑у. Драўніна гэтага дрэва, якая выкарыстоўваецца ў караблебудаванні.

[Англ. teak.]

цік 4, цік-цік і цік-цік-цік, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння слабых адрывістых мерных гукаў.

цік-так, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння цікання гадзінніка або іншага ціхага і мернага пастуквання. На сцяне аднатонна — цік-так, цік-так — рабілі сваю справу ходзікі. Гроднеў.

цік 4, цік-цік і цік-цік-цік, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння слабых адрывістых мерных гукаў.

цікава,

1. Прысл. да цікавы.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць увагі, цікавасці, інтарэсу да чаго‑н. Цікава наведаць вёску, дзе нарадзіўся і вырас. Бядуля. — Цікава, цікава, што там твае лічыльнікі паказваюць? — настаражыўся Міхальчук. Якімовіч.

цікаванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цікаваць.