Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

цэ, нескл., н.

Назва літары «ц».

цэаліты, ‑аў; адз. цэаліт, ‑у, М ‑ліце, м.

Група мінералаў з класа сілікатаў.

[Ад грэч. zéō — кіплю і líthos — камень.]

цэбар, ‑бра, м.

Шырокая круглая драўляная пасудзіна з клёпак з двума вушкамі. Пасля абеду мама з Юзікам .. панеслі карове ў хлеў цэбар з паранкай. Пальчэўскі. Вада ў цэбры пакрылася тоненькім ільдом. Асіпенка. // Разм. пагард. Пра вялікую галаву чалавека. Улан у хаце Баўтрука сядзеў, Падпёршы п’яны цэбар-галаву. Танк.

цэбрык, ‑а, м.

Памянш. да цэбар; невялікі цэбар. [Васіль] пайшоў у сенцы, зачэрпнуў з кляновага цэбрыка поўную конаўку; вада была халодная — толькі са студні. Савіцкі.

цэгла, ‑ы, ж., зб.

Штучны будаўнічы матэрыял у выглядзе прамавугольных брускоў з гліны і іншай мінеральнай сыравіны. Налева ад дарогі стаяў прыгожы домік з чырвонай цэглы. Чарнышэвіч. Гляджу — імчыцца па асфальце, Спяшыць шматтонны самазвал Туды, дзе просяць: — Цэглы дайце!.. Дзе новы ўжо расце квартал. Смагаровіч.

[Ням. Ziegel.]

цэгліна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і цагліна. Патрэскалася зямля, як разбітая цэгліна. Бядуля.

цэд, ‑у, М ‑дзе, м.

Працэджаны раствор аўсянай мукі, з якога вараць кісель.

цэдра, ‑ы, ж.

Вонкавы каляровы слой скуры ў пладоў цытрусавых (лімонаў, апельсінаў і пад.). // Высушаная апельсінавая або лімонная скурка, якая ўжываецца як вострая прыправа.

[Ад іт. cedro — цытрон.]

цэзальпініевыя, ‑ых.

Сямейства двухдольных трапічных раслін (дрэў, кустоў) з чаргаваным перыстым лісцем і двухбаковымі прамяністымі кветкамі, да якога адносяцца ражковае дрэва, тамарынд і інш.

цэзар, ‑а, м.

1. Тытул старажытнарымскіх імператараў; кесар.

2. Уст. Манарх, уладар.

[Ад імя Юлія Цэзара (100–44 гг. да н. э.), лац. Caesar.]