Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

цуг, ‑а, м.

1. Доўгі рад, чарада жывёл, птушак, машын і пад., якія рухаюцца адна за адной. За цугам жураўліным Бягуць вятры наўсцяж. Калачынскі. Зусім блізка, амаль побач, пыхкаючы, працягнуў паравоз цуг вагонаў. П. Ткачоў.

2. Запрэжка, у якой коні (быкі і пад.) ідуць гужам або парамі адзін за адным.

[Ням. Zug.]

цугавы, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да цуга; размешчаны адзін за адным. Цугавая запрэжка.

цугам, прысл.

1. Гужам, наўсцяж, адзін за адным. Група прабіралася цугам па глухой.. сцяжынцы. Лынькоў.

2. Запрэжкай у дзве або тры пары коней, якія ідуць адна за адной. [Цапок:] — Гэту машыну.. купілі мы ў далёкім трыццаць першым годзе.. Везлі яе на дваццаці чатырох конях. Цугам. Ракітны.

3. Разм. Следам; адзін за адным. Аднакурснікі хадзілі і ездзілі са мною ўсюды цугам. Сачанка.

цуглевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цугляў. Цуглевыя кольцы.

цуглі, ‑яў; адз. няма.

Два металічныя звяны, якія прымацоўваюцца да рамянёў вуздэчкі і служаць для закілзвання каня. А Коля, хоць быў і маленькі, як вузел, спрытна рассупоніў каня і выняў з рота цуглі. Колас. Гарцавалі пародзістыя.. коні, фыркалі, грызлі цуглі. Гурскі.

•••

Закусіць цуглі гл. закусіць 1.

цугцванг, ‑у, м.

У шахматнай гульні — вымушаны, нявыгадны ход.

[Ням. Zugzwang.]

цуд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Паводле рэлігійных уяўленняў — невытлумачальная з’ява, якая выклікаецца чарадзействам. [Селянін:] — Заўсёды перад кірмашом штогод.. бывае яшчэ адзін цуд: за год святыя сляды абрастаюць мохам. Бядуля.

2. Што‑н. нечаканае, незвычайнае. І тады стаўся цуд: Капейка ўстаў і пачаў гаварыць. Брыль. Можа стане цуд і з’явіцца Якім, як бы нічога не бывала! Машара. // у знач. прысл. цудам. Разм. Незвычайным, неверагодным чынам; выпадкова. На Ленінградскай вуліцы Тумаш павёў іх [варшаўцаў] у чатырохпавярховы дом, які цудам уцалеў у час бамбёжак. Новікаў.

3. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваімі выдатнымі якасцямі, прыгажосцю і пад. У саснячку густым, смалістым — Загледзішся на цуд такі — У беленькіх манішках чыстых Стаяць фарсіста маслякі. Цвірка. Ну не кулеш, а — цуд! Духмяны, залацісты, смакавіты. Валасевіч. // чаго. Пра тое, што з’яўляецца ўзорам дасканаласці ў якой‑н. галіне. Задаволеная, што так добра выканала даручэнне, Муза Сымонаўна хутка везла цуд мастацтва. Арабей. Крок за крокам прасочвае паэт ператварэнне дрэва ў цуд музыкі і весялосці. Бярозкін.

4. у знач. вык. Дзіўна, незвычайна. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. Лужанін.

•••

Цуда ў рэшаце — пра што‑н. незвычайнае.

цуда, ‑а, М ‑дзе, н.

Разм.

1. Тое, што і цуд. Бацька, які чамусьці ніколі не здзіўляўся, сказаў, што гэта цуда яшчэ не зусім цуда, бо там, на радзіме, расце дрэва баабаб. Лынькоў. — Вось гэта закусачка! У сярэдзіне чэрвеня такое цуда! — ён [Савіцкі] узяў памідор і пяшчотна пагладзіў яго. Шамякін.

2. звычайна ў прыдатку. Пра тое, што вызначаецца, захапляе сваімі дадатнымі якасцямі. Сёлета выпала.. [Лёню] шчасце гнаць з бацькам па Прыпяці і Дняпру плыты аж да Кахоўкі, і ён там бачыў гэтую цуда-машыну. Краўчанка.

•••

Цуда-юда — казачная пачвара.

цудадзей, ‑я, м.

Вялікі майстар сваёй справы; той, хто ўмела, па-мастацку валодае чым‑н. [Свацця:] — А які на кухні ён [Сцяпан] цудадзей! Ракітны. [Барыс Платонаў і Ірына Ждановіч] цудадзеі беларускай сцэны, людзі вялікага інтэлекту, у штодзённым жыцці яны былі душэўна простыя і тактоўныя. Пшыркоў.

цудадзейнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць цудадзейнага. [Іван Сцяпанавіч:] — Праўда, якой-небудзь цудадзейнасці ў .. [дзівасіле] няма, але ёсць багата розных хімічных рэчываў, уласцівых толькі яму аднаму. Дубоўка.