Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

цок, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гуку, які атрымліваецца пры ўдары чым‑н. цвёрдым аб камень, метал і пад.

цокаль, ‑я, м.

1. Ніжняя частка цаглянага ці каменнага будынка. Будынак стаіць на высокім цокалі з мноствам акенцаў і нішаў. «Помнікі».

2. Металічная частка электрычнае лямпачкі, якая служыць для ўмацавання яе ў патроне. На самым канцы цэха ў скрынку падалі ўжо гатовыя электралямпачкі з усімі іх прыпаямі, цокалямі. Скрыган.

[Іт. zoccolo.]

цокальны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цокаля. Цокальная пліта. Цокальны цэх.

2. Які з’яўляецца цокалем (у 1 знач.), мае цокаль (у 1 знач.). Цокальны паверх.

цоканне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цокаць 1, а таксама гукі гэтага дзеяння. Далятаў спеў салаўя: цоканне, перабор, пошчак. Гурскі. Не чуваць аўтаматораў, .. Звонкіх цокання падкоў. Крапіва.

цоканне 2, ‑я, н.

Спец. Асаблівасць вымаўлення, якая заключаецца ў адсутнасці адрознення гукаў «ц» і «ч» і супадзенні іх у гуку «ц»; характэрна паўночнарускім гаворкам, часткова беларускім.

цокат, ‑у, М ‑каце, м.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цокаць 1, а таксама гукі гэтага дзеяння. А на палянах — там, дзе бор, Пад салаўіны свіст і цокат Ад вечара да позніх зор Зямля і ноч ляжыць упокат. Матэвушаў. Далёка плыве чоткі цокат капыт. А. Александровіч.

цокаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чым і без дап. Утвараць адрывістыя кароткія гукі пры ўдары чым‑н. цвёрдым аб камень, метал і пад. Тонкія абцасікі басаножак гучна цокалі аб каменныя пліты. Асіпенка. Цокаюць па бруку капытамі коні. Галавач. Чуваць нават, як нехта клепле касу. Лясь-лясь-лясь! — цокае малаток па бабцы. Паўлаў.

2. Утвараць кароткія, звонкія гукі (пра птушак, звяроў і пад.). Цокаюць, рассыпаючы навокал малінавыя пошчакі, салаўі. Сачанка.

цокаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Спец. Не адрозніваць гукі «ц» і «ч» або змешваць іх пры вымаўленні.

цокнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да цокаць 1.

цоп, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. цопаць — цопнуць. [Уладзік:] — Узлез на хвою: што там у дупле робіцца? Засунуў руку, а мяне за палец — цоп нейкі звярок! Колас. [Рыбак:] — Раптам нейкі шчупачышча цоп за кручок — і на дно! Якімовіч.

цопаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і цапаць. Штохвіліны ўраднік цопаў сябе рукою па лысіне. Лобан.

цопнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм. Аднакр. да цопаць.