Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

худаваты, ‑ая, ‑ае.

Крыху худы. [Якім] шырока размахнуўся, здзеў з сваіх худаватых плеч шэрую .. світку. Нікановіч.

хударлявасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан хударлявага. Хударлявасць твару.

хударлявы, ‑ая, ‑ае.

Сухарлявы, крыху худы. Твар у лейтэнанта быў зусім юначы, хударлявыя шчокі прасвечвалі румянцам. Хадкевіч. [Усмешка] заўсёды блукала на .. хударлявым і дробным твары [Дзяміда], хаваючыся ў каротка падстрыжаных вусах. В. Вольскі. Пятро паволі падышоў да Лены і моўчкі паціснуў яе хударлявую руку. Ваданосаў. [Нічыпар] падобны на цыганчука — хударлявы, смуглы, са жвавымі бліскуча-чорнымі вачыма. Мележ. Дарога ішла лесам. Паабапал раслі хударлявыя сасонкі і пакалечаныя бярозкі. Гаўрылкін.

худасочнасць, ‑і, ж.

Стан худасочнага.

худасочны, ‑ая, ‑ае.

1. Схуднелы, змарнелы. Касцёл сябры мінулі І ў сквер зялёны павярнулі.. І люду мноства тут хадзіла, Найболей моладзь гарадская, Ды худасочная, благая. Колас.

2. Слабы, кволы (аб раслінах). Худасочнае дрэўца. // Бедны, спустошаны (пра глебу). Такое [жыта] ніколі не вырасце на худасочных мінеральных глебах. Паслядовіч.

3. перан. Прымітыўны, слабы, нежыццёвы. Купалаўская канцэпцыя чалавека ў паэме «Яна і я» куды багацейшая за ўсе худасочныя схемы. Бярозкін. Хемінгуэй бачыў у Талстым узор.., якому арганічна варожыя фальш, танныя сантыменты, самаздаволенасць, пустая ганарыстасць, падмена жывога жыцця худасочным тэарэтызаваннем наконт яго. М. Стральцоў.

худзенькі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Памянш.-ласк. да худы 1. [Настаўніца] была аж з Разані.. Худзенькая, тоненькая, як сцяблінка. Ермаловіч.

худзець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Рабіцца худым, хударлявым. Накупляй паперы болей І чарнілам запасіся, Каб худзелі пісьманосцы, Ношкі носячы мне пісем. Панчанка. [Максім:] — [Давід] увачавідкі губляе сілы і худзее ўсё больш. Машара.

худзеча, ‑ы.

Разм.

1. м. і ж. Пра вельмі худога чалавека.

2. ж., зб. Худыя дзеці. За лета гэтая худзеча так адбегаецца па цёпламу пяску, так адап’ецца смачнага вясковага малака, што пад восень дзіўна робіцца, няўжо гэта тыя самыя заморкі? Васілевіч.

худзізна, ‑ы, ж.

1. Знешні выгляд худога 1. Худзізна [палоннага] ўразіла Ядзю можа больш, чым раны, бруд, зарослы сівой барадой твар. Асіпенка. Нягледзячы на худзізну, .. [жарабок] аказаўся даволі жвавым. Сяркоў.

2. Разм. Пра худога чалавека або жывёлу. Цяпер конь.. [Кастуся] ўжо не быў той здарожанай, хоць і маладой, худзізнай. Чорны. Навалач нейкую знайшла, прымака. Худзізна — скура ўжо не на рэбрах, а пад рэбрамі. Брыль.

худзіна, ‑ы, ж.

Тое, што і худзізна (у 1 знач.). З-пад скуры [каня] выразна вытыркалі рабрыны, аж іх можна было пералічыць, і чорная шэрсць на іх парудзела ад худзіны. Крапіва.