Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

хапі́ць, хаплю́, хо́піш, хо́піць; зак.

1. Зак. да хапаць (у 1 знач.).

2. што, чаго і без дап. Разм. Выпіць: хутка праглынуць што‑н. Каўрыжка.. хапіў поўную лыжку журавіннага кісялю і папярхнуўся. Пянкрат. [Валянціна Васільеўна:] — На маім месцы ты, можа б, атруты хапіла. Гроднеў. // без дап. Напіцца спіртнога. [Мікіта:] — Нешта яшчэ казала [Феня], але я так моцна хапіў, што нічога не помню... Ракітны. У важнага Мядзведзя, На гасцявым абедзе Хапіў залішне Леў, Сп’янеў. Корбан. Хапіў з дзежкі, што не бачыць сцежкі. Прымаўка.

3. перан.; чаго. Разм. Перажыць, перанесці што‑н. цяжкае, непрыемнае. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Крапіва. / у безас. ужыв. Матросам хапіла ў час шторму.

4. што. Разм. Зрабіць цвёрдым, ушчыльніць (пра дзеянне холаду). Іней пабяліў траву, дахі і дрэвы. Малады марозік хапіў і сырую зямлю. Гаўрылкін. Марозік галашчокам хапіў, ды сонейка — мала калі зімою такое высвечвае — аж вочы слепіць. Лобан. / у безас. ужыв. Была позняя восень, зямлю хапіла першым прымаразкам. Навуменка.

5. Разм. У разважаннях, выказваннях пераступіць межы чаго‑н., зайсці занадта далёка, дапусціць перабольшанне ў чым‑н. [Вера Антонаўка] заўважыла, як забегалі ў Тацяны вочы, і, ужо шкадуючы, што хапіла занадта, прапанавала прайсціся па лесе... Карпаў. [Дзераш:] — Бач, куды хапіў?! У мяне, брат, планы пакуль інакшыя... Шынклер.

6. каго-што і па чым. Разм. Моцна ўдарыць. Уцякаючы, .. [Сашка] раптам спыніўся, хапіў кавенькай па калене, і яна хруснула, разламалася. Кухараў. // Раптоўна і моцна адчуць боль. [Чалавек:] — Калі сяджу, нічога не робячы, ці ляжу, — тады амаль і не баліць, а як толькі вазьмуся што рабіць, ды сагнуся раз — другі, жывот і хопіць. Галавач.

7. каго. Разм. Раптоўна праявіцца, прынесці пакуты (пра хваробу і пад.). Волата хапіў удар, Вызверыўся люты цар: — Дзе ахова? Дзе чыны? І куды глядзяць яны? Вітка. Шчокі малога залівала чырвань, на лбе выступіў пот, рэдзенькія белыя валаскі ўскудлачыліся... — Што з ім? — А хто ж яго ведае... Гарачка хапіла. Ліхаманка нейкая. Новікаў.

8. Разм. Адразу, з ходу, хутка зрабіць што‑н. Кладаўшчык узяў маркі, даў Глушко пяць пачак цыгарэт і раптам хапіў дзверы на зашчапку. Навуменка. // Нечакана, моцна запець, закрычаць. — А што ж ты думаеш? — хапіла адразу некалькі галасоў. Чорны. Голас Клаўдзі ўпэўнена вёў песню далей, а падгалоскі чакалі, каб у патрэбны момант зноў хапіць хорам. Ракітны.

9. безас. чаго. Быць дастатковым. — Цэгла ёсць!.. І справы, значыць, хопіць да світання кельням і рукам. А. Вольскі. Гасцей у званскіх сватоў сабралася гэтак многа, што не ўсім хапіла месца для начлегу ў доме. Лось. Андрэй крыху ажывіўся, павесялеў. Толькі весялосці гэтай хапіла ненадоўга. Шахавец.

10. безас. каго. Разм. Змагчы, быць здольным зрабіць што‑н. Яго не хопіць на гэту справу.

11. хо́піць з інф. і без дап. Разм. Досыць, даволі, годзе; трэба перастаць, спыніць (гаварыць, рабіць што-н). — А ты падыдзі, сам паглядзі! — Хопіць ужо, нагледзеўся... Лынькоў.

•••

Хапіць цераз край — страціўшы пачуццё меры, зрабіць або сказаць што‑н. такое, што выходзіць за рамкі звычайнага, нармальнага.

Хапіць шылам кашы (патакі) — пра няўдалую спробу зрабіць што‑н.

хо і хо-хо, выкл.

Ужываецца для выказвання іроніі, здзіўлення, захаплення і пад. — Хо! Р-работнічак, танцор няшчасны, а машыну я за цябе ачышчаць буду, га-а? Ну, скажы ты мне, смаркач! — загарлапаніў.. [шафёр], паглядваючы то на застаўку, то на мяне. Вышынскі.

хобат, ‑а, М ‑баце, м.

1. Выцягнутая рухомая насавая частка морды ў сланоў і некаторых іншых жывёл, якая служыць для дыхання, нюху, дотыку, хапання. Хобат тапіра. ▪ Хобатам матляе слон Ды вачыма лыпае. Барадулін. // Выцягнутая пярэдняя частка або выраст пярэдняй часткі цела ў некаторых бесхрыбетных жывёл, якая служыць для абароны, хапання, забівання здабычы і пад. Хобат п’яўкі.

2. Спец. Частка механізмаў, машын або прыстасаванняў, якая па форме або функцыі нагадвае выцягнуты нос жывёлы. Хобат экскаватара. ▪ Рытмічна махаючы сваім хобатам, пагрузачны кран падымаў і апускаў на платформы кантэйнеры. Шыловіч.

3. Спец. Задняя падоўжаная частка лафета артылерыйскай гарматы або задняя частка станка кулямёта, якая служыць для ручной наводкі на цэль. // Ствол гарматы. Хобаты гармат уздымаліся гнеўна ў неба, у заходні бок. Мележ. І хобаты жэрлаў Паволі Гарматы спускаюць на дол. Броўка.

хобатны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хобата (у 1 знач.), з хобатам. Хобатная жывёліна.

2. у знач. наз. хобатныя, ‑ых. Атрад млекакормячых, які цяпер прадстаўлены толькі сланамі.

хобі, нескл., н.

Разм. Якое‑н. захапленне, любімы занятак у вольны час. Можа гэта яго [Сівалоба] хобі. Ёсць жа ў яго, Антанюка, сваё хобі — паляванне. Шамякін. Па тым заняпадзе, які пануе тут [у садзе], можна меркаваць, што садоўніцтва — не маё хобі. Васілёнак.

[Англ. hobby.]

хо́ванка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Ну чаго турбавацца, — сказаў Ігналь. — Хованка ў нас надзейная, калі што. Лупсякоў. Многа клопатаў буран прынёс і дыверсантам, бо будан іх служыў толькі як хованка ад камароў і сонца. Федасеенка. // Спецыяльна зробленае ці прыстасаванае месца ці збудаванне для хавання ад каго‑, чаго‑н. А такі ж ён [Вова] за дзень натупаўся, капаючы разам з другімі ў садзе хованку ад бомбаў. Гурскі. [Лукша:] — Усю ноч мы [партызаны] сабе хованкі капалі. Гроднеў.

2. Скрытае, патайное месца для захоўвання чаго‑н. Хованка для скарбаў.

3. толькі мн. (хо́ванкі, ‑нак). Дзіцячая гульня, у якой той, хто водзіць, шукае астатніх удзельнікаў гульні, якія схаваліся. Будучы клуб акупіравалі хлапчукі — са смехам і крыкамі гуляюць у хованкі. Шамякін. [Сакольны:] — Праязджаў нядаўна паўз лясныя паселішчы. Бегалі там дзеткі між кустоў, гулялі ў хованкі. Кулакоўскі.

•••

Гуляць у хованкі гл. гуляць.

ход, ‑а і ‑у, М аб (у) хо́дзе і на хаду́; мн. хады́, ‑о́ў і хо́ды, ‑аў; м.

1. ‑у, М на хаду́. Рух, перамяшчэнне ў якім‑н. напрамку. Машына дала задні ход. Цягнік збавіў ход. ▪ Пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы. Брыль. Ціха кружыцца галава ў Міколкі, разбягаюцца валасы ад страшэннага ходу, ад імклівага ветру. Лынькоў.

2. ‑у, М у хо́дзе; перан. Развіццё, цячэнне чаго‑н. Ход падзей. Ход урока. Ход гісторыі. ▪ У ходзе будаўніцтва сацыялізма ў СССР без якой бы там ні было знешняй эканамічнай дапамогі ў кароткі гістарычны тэрмін была ажыццёўлена індустрыялізацыя краіны. «Звязда». Дзед зрабіў перадышку, абдумваючы далейшы ход казкі. Якімовіч.

3. ‑у, М у хо́дзе; мн. хо́ды, ‑аў. Перамяшчэнне рухомай часткі механізма ад аднаго крайняга становішча да другога. Ход прэса. // Адлегласць, на якую гэта частка перамяшчаецца. Ход поршня роўны 50 см.

4. ‑у, М на хаду́. Рабочая частка машыны, механізма. Анкерны ход гадзіннікавага механізма. // Ніжняя хадавая частка самарушнага ўстройства. Гусенічны ход. // Ніжняя хадавая частка экіпажа або іншых транспартных сродкаў. Каляска на рызінавым хаду. // Спец. Адлегласць паміж пярэдняй і задняй воссю экіпажа, павозкі і пад. Кароткі ход у экіпажа.

5. ‑у, М у хо́дзе. Спец. Дзеянне, работа, якую выконвае машына, механізм і пад. Рабочы ход рухавіка. ▪ Надзейныя, з высокай дакладнасцю ходу, .. [гадзіннікі] не будуць падводзіць уладальнікаў, для якіх важна кожная мінута, секунда. «Звязда».

6. ‑у, М на хаду́. Спец. Увесь тэхналагічны працэс, які адбываецца ў чым‑н.; цыкл. Домна на гарачым хаду.

7. ‑у; мн. хады́, ‑о́ў. Чарговае выступленне іграка (у шахматах, шашках і іншых настольных гульнях). Ход канём. ▪ Ці ведаеце вы, што найкарацейшая шахматная партыя, іграная ў турніры, мела ўсяго 4 хады — гэта партыя Лазар — Кабо з чэмпіянату Францыі. «Маладосць».

8. ‑у, М у хо́дзе; мн. хады́, ‑о́ў; перан. Прыём, манеўр для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычны ход. ▪ Гэтая дзяўчынка зрабіла яшчэ адзін на дзіва хітры ход: яна паспела працерці ганак і падлогу ў калідоры растворам фармаліну. Шамякін. Юра не сумняваўся, што ўся ветлівасць нямецкага афіцэра, яго ўвага да іх — толькі тактычны ход. Бураўкін.

9. ‑у; мн. хо́ды, ‑аў. Спец. Паварот, змяненне ў сюжэце мастацкага твора. У К. Чорнага мы не знойдзем твора, у якім аўтар імкнуўся б захапіць чытача складанасцю сітуацый, займальнасцю сюжэтных ходаў. Кудраўцаў.

10. ‑а; мн. хады́, ‑о́ў. Месца або адтуліна ў сцяне будынка, памяшкання, праз якое ўваходзяць куды‑н., уваход. Парадны ход. Чорны ход. ▪ Неўзабаве Міхалка пачуў, як Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Чорны. У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. М. Стральцоў.

11. ‑а; М у хо́дзе; мн. хады́, ‑о́ў. Месца, па якому ходзяць; калідор, тунель. Падземны ход. ▪ Траншэі і хады зносін цягнуліся ў некалькі радоў усцяж па ўсяму фронту. Мележ. Бацька вельмі добра ведаў лес, ведаў усе хады ў ім, ведаў, дзе што расце. Сачанка.

12. ‑у; мн. хо́ды, ‑аў; перан. Магчымасць дасягнення чаго‑н. Так рад ён [чалавек], што тут апынуўся, Дзе ёсць чалавеку больш ходу. Колас.

•••

Жалезны ход — ніжняя хадавая металічная частка воза або іншых якіх‑н. транспартных сродкаў.

Малы ход — запаволены ход судна, а таксама каманда, якая перадаецца ў машыннае аддзяленне для змяншэння ходу судна.

Поўны ход! — словы каманды, якія абазначаюць: з гранічнай скорасцю.

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Даць задні ход гл. даць.

Даць ход гл. даць.

Ісці ў ход гл. ісці.

На хаду — мімаходам, хутка.

На хаду падноскі адарваць гл. адарваць.

Не даць ходу гл. даць.

Па ходу справы — у залежнасці ад абставін.

Поўным ходам — інтэнсіўна, узмоцнена (ідзе, ішло і пад. што‑н.).

Пусціць у ход гл. пусціць.

Сваім ходам — а) пехатой; б) работай свайго матора.

Ход канём — аб рашучым сродку, што выкарыстоўваецца для дасягнення поспеху ў якой‑н. справе.

Ходу няма каму-чаму гл. няма.

Хрэсны ход — царкоўнае шэсце з крыжамі, харугвамі і абразамі.

ходжаны, ‑ая, ‑ае.

Такі, па якому часта ходзяць (пра дарогу, сцежку і пад.). Ходжаныя сцежкі.

ходзікі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Насценны гадзіннік простай канструкцыі з гірамі. Мірон Іванавіч.. мелькам зірнуў на ходзікі: быў пачатак чацвёртай гадзіны. Лынькоў. Хто гадзіннік заводзіў? Не знаюць. Не помняць яны [дзеці]. Хутка ходзікі ходзяць, Калёсікі з боку відны. Куляшоў.

ходка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм.

1. Паездка або паход для дастаўкі чаго‑н. Віхлястая дарога ляжала перад Раяй, дарога, па якой яна мусіла рабіць сваю, як казалі партызаны, першую ходку. Новікаў. [Дзядзька:] — Я і кажу Пятру: «На другую ходку шукай сабе, браце, другога напарніка...» С. Александровіч.

2. Порцыя, колькасць чаго‑н. [Ячны] ведае, калі будзе гатова першая ходка саману, і ён не спозніцца прыехаць паказаць нам кладку сцен. Брыль.