Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

хна, ‑ы, ж.

Чырвона-жоўтая фарба расліннага паходжання, якая выкарыстоўваецца для афарбоўкі шэрсці, а таксама валасоў, ногцяў і пад.

[Араб.]

хны, выкл.

У выразе: хоць бы хны — тое, што і хоць бы што (гл. што). А яны дык хоць бы хны — Слінай цыркаюць праз губы. Крапіва.

хныканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хныкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Хто справу хныканнем распачынае, Той добрых вынікаў не мае. Корбан.

хныкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Жаласна плакаць, утвараючы адрывістыя насавыя гукі. Леначка крывіла губкі, хныкала, але зноў цэлілася на калені. Дуброўскі. Аднаму хлапчуку, які адарваў адзінае вуха ў плюшавага мядзведзя, [Яўсейчык] паспеў ужо даць кухталя, і малы паціху хныкаў у кутку. Даніленка.

2. перан. Скардзіцца на што‑н.; наракаць. Уладзік, даведаўшыся, што без яго вырашана, каму ісці заўтра ў лес, пачынаў хныкаць: — Усё мне ды мне пасвіць... С. Александровіч. [Чыжык:] — Вось што, Лёнька! Ты вельмі не хныкай. Як-небудзь пражывеш. Няхай.