Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

хлам, ‑у, м., зб.

Непатрэбныя старыя рэчы. На базары мне добра былі вядомы сцежкі да будак, дзе на століках, сярод рознай старызны і хламу, ляжалі і перакупленыя ў некага кнігі. Скрыган. Толькі [дзед Іван] паспеў замаскіраваць патайнік розным хламам і вярнуцца ў хату, як уварваліся фашысты. Зуб. // перан. Разм. Што‑н. нікчэмнае, агіднае. — Хлопцы, хлам — з дарогі! Я еду... — Чаркашын аж дрыжаў, як перагрэты матор у машыне. На хату выбеглі Вярбіцкі ў цюбецеечцы і Калясень, узялі Акцызніка за рукі, за ногі і павалаклі да дзвярэй — на вуліцу. Пташнікаў.

хламіда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. У старажытных грэкаў і рымлян — прамавугольны плашч з засцежкай на правым плячы або на грудзях (пераважна ў коннікаў).

2. Разм. Нязграбная шырокая і доўгая адзежына.

[Грэч. chlamys.]

хламідаманада, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Аднаклетачная зялёная водарасць.

хлам’ё, ‑я, н., зб.

Разм. Тое, што і хлам.

хлапец, ‑пца, м.

Падлетак мужчынскага полу. Самсон Коркія трымаў за руку старэйшага сына, і пятнаццацігадовы хлапец чуў, як халадзее рука бацькі. Самуйлёнак. Шчаслівую ўчуўшы трывогу, Майструе хлапец-выпускнік Сабе чамадан у дарогу Для рэчаў студэнцкіх і кніг. Гілевіч.

хлапецкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хлапца; належыць, уласцівы хлапцу. Такая змена на хлапецкім твары кінулася ў вочы старшыні. Колас. — Несумненна, гэта хлапецкі выбрык, гэта азначае: што хачу, тое і скажу, ніхто мне не ўказчык. Хадкевіч.

2. Звязаны з узростам хлапца; падлеткавы. Хлапецкія гады.

хлапечнік, ‑у, м.

Развітальная вечарынка з таварышамі ў доме жаніха перад вяселлем, якая праходзіць адначасова з дзявочнікам.

хлапечы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хлапца; належыць, уласцівы хлапцу. Святланай аказалася танклявае і рослае, па плячо Андрэю, дзяўчо ў чорных штанах і чырвонай, у клетку, хлапечай кашулі. Мехаў. Другая Клаўдзіна сястра, Вікторыя, высокая, чарнявая, з кароткай хлапечай стрыжкай, наразала сала на краі стала. Асіпенка. І повен.. [Уладзя] быў хлапечага задору. Чорны.

хлапушка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Елачная цацка ў выглядзе папяровай трубачкі, якая, разрываючыся, утварае рэзкі гук.

2. Прыстасаванне ў выглядзе акраўка скуры, гумы і пад. на ручцы для знішчэння мух.

3. Шматгадовая травяністая расліна сямейства гваздзіковых з белымі кветкамі, чашачка якіх з трэскам лопаецца пры ўдары.

хлапчаня і хлапчанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Маленькі хлапец; хлопчык.