Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ха 1, нескл., н.

Назва літары «х».

ха 2, выкл.

Разм. Выказвае нязгоду з чым‑н., абурэнне з прычыны чаго‑н. (часам з адценнем іроніі, знявагі). — Не спраўлюся я, Максім Рыгоравіч. — Ха! — Мароз выцяў Гаварушку па плячы. — А хто ж справіцца? Лобан. — А злоты нам, дзед, усё-такі заплаціш, — пагразіў Том. — Ха, спадзявайцеся. Многа я іх назапасіў вам. Пальчэўскі. Волька пакрыўджана надзімае губы. Яна выдумала?! Ха, вы толькі паглядзіце! Паўлаў.

ха-ха і ха-ха-ха, выкл. гукапераймальны.

Служыць для перадачы гучнага смеху, рогату. — Ха-ха-ха! — заліваецца смехам Амелька. Колас.

хаатычнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хаатычнага. Хаатычнасць руху. ▪ Максім стаяў у натоўпе і стараўся разабрацца ў хаатычнасці бунтарскага ўздыму. Машара.

хаатычны, ‑ая, ‑ае.

Бязладны, пазбаўлены парадку, паслядоўнасці, арганізаванасці. На шырокіх прасторах зямлі бурліць вір змагання, жорсткага, бязлітаснага, але не бязладнага і хаатычнага, а змагання, падпарадкаванага акрэсленаму закону. Колас. На гэты раз на экране ўзніклі хаатычныя хвалі, якія, здавалася, вось-вось набудуць нейкі пэўны выгляд. Шыцік.

хабанэра, ‑ы, ж.

1. Кубінскі народны танец, пашыраны ў Іспаніі і Лацінскай Амерыцы, а таксама музыка да гэтага танца. Танцаваць хабанэру.

2. Музычны твор у стылі гэтага танца. Хабанэра з оперы Бізэ «Кармэн». Хабанэра для фартэпіяна Шабрые.

[Ісп. habanera.]

хабар, ‑у, м.

Грошы або рэчы, што даюцца каму‑н. як подкуп з мэтай атрымання пэўнай выгады; барыш. [Пётра:] Хто пасля князя тут галоўны будзе, каму ў ногі кінуцца ці хабар даць. Клімковіч. Часта прыязджалі акцызнікі, правяралі градусы гарэлкі і бралі ў карчмара хабар. Бядуля. Калі трапляўся наведвальнік скупы на хабар, то Рабушка цягнуў справу так, што таму моташна рабілася. Новікаў. І толькі той для Жука блізкі сябар, Хто дасць у лапу хабар. Крапіва.

[Ад араб. habar — паведамленне.]

хабарадавальнік, ‑а, м.

Той, хто дае хабар каму‑н.

хабарнік, ‑а, м.

Той, хто бярэ хабар. Хабарнік бярэ хабар і — увесь час дрыжыць, каб яго не злавілі за руку. Асіпенка. З месяц.. [сябры Гарасіма] ваявалі з упартым хабарнікам, пакуль той не здаўся. Якімовіч.

хабарніца, ‑ы, ж.

Жан. да хабарнік.

хабарніцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы хабарнікам, хабарніцтву. Хабарніцкія манеры. Хабарніцкі нораў.