Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

...фікацыя, ‑і, ж.

Другая састаўная частка складаных слоў са значэннем: укараненне, распаўсюджанне чаго‑н., напрыклад: радыёфікацыя, электрыфікацыя.

[Ад лац. facere — рабіць.]

...філ,

Другая састаўная частка складаных слоў, якая азначае друг, прыхільнік усяго таго, што названа першай часткай слова, напрыклад: славянафіл, германафіл, бібліяфіл.

[Ад грэч. philéō — люблю.]

фіберглас, ‑у, м.

Тое, што і шклапластык.

фібергласавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фібергласу.

фібра 1, ‑ы, ж.

1. Уст. Валакно расліннай або жывёльнай тканкі.

2. звычайна мн. (фібры, ‑аў); перан. Ужываецца як сімвал душэўных сіл. Ненавідзець усімі фібрамі душы.

[Лац. fibra — валакно.]

фібра 2, ‑ы, ж.

Спец. Гнуткая моцная папяровая маса, апрацаваная хімічным спосабам і спрасаваная, якая замяняе скуру пры вырабе чамаданаў і пад., а таксама з’яўляецца ізаляцыйным матэрыялам.

[Лац. fibra — валакно.]

фібравы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з фібры 2. Фібравы чамадан.

фібраліт, ‑у, М ‑ліце, м.

Спец. Будаўнічы матэрыял у форме прасаваных пліт з раслінных валокнаў, драўляных стружак, касіры, звязаных звычайна цэментам. — Дык вось які ён, фібраліт, — гаварыў Фамін, разглядаючы шэрыя цэментаваныя пліты. «Звязда».

[Ад лац. fibra — валакно і грэч. líthos — камень.]

фібралітавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фібраліту. Фібралітавы завод. // Зроблены з фібраліту. Фібралітавыя пліты.

фібраін, ‑у, м.

Спец. Валакністае бялковае рэчыва, якое з’яўляецца важнейшай састаўной часткай натуральнага шоўку.

[Ад лац. fibra — валакно.]

фіброз, ‑у, м.

Паталагічны працэс развіцця валакністай злучальнай тканкі ў якім‑н. арганізме.

[Лац. fibra — валакно.]