Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

...фоб, ‑а, м.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: «ненавіснік», «праціўнік» чаго‑н., напрыклад: англафоб, славянафоб.

[Ад грэч. phobos — страх.]

...фобія, ‑і, ж.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: боязь чаго‑н., напрыклад: гідрафобія, бактэрыяфобія, фотафобія.

...фон, ‑а, м.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на іх адносіны да гуку, голасу, напрыклад: мікрафон, магнітафон.

...фор, ‑а, м.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая надае значэнне: «нясучы», «які нясе», напрыклад: семафор, святлафор, электрафор.

[Ад грэч. foros — нясучы.]

фобія, ‑і, ж.

Неадчэпны, назойлівы страх пры некаторых псіхічных захворваннях.

[Грэч. phobos — страх.]

фок, ‑а, м.

Спец. Ніжні прамы парус на пярэдняй мачце судна або трохвугольны парус на судне з адной мачтай. Шматае вецер парусы і фок даўно сарван. А. Вольскі.

[Гал. fok.]

фок-...

Першая састаўная частка складаных марскіх тэрмінаў, якія абазначаюць прыналежнасць чаго‑н. да фока, напрыклад: фок-мачта, фок-рэя.

фок-мачта, ‑ы, ДМ ‑чце, ж.

Пярэдняя мачта ў насавой частцы судна.

[Ад гал. fokkemast.]

фок-рэя, ‑і, ж.

Ніжняя рэя на фок-мачце.

фокстэр’ер, ‑а, м.

Невялікі сабака з пароды тэр’ераў, з якім палююць на лісіц, барсукоў і іншых невялікіх звяроў, што жывуць у норах.

[Англ. fox-terrier.]