Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

флаг, ‑а, м.

Прымацаваны да дрэўка або да шнура кавалак матэрыялу адпаведная формы і колеру (звычайна з якой‑н. эмблемай). Дзяржаўны флаг. ▪ У першы дзень работ на новым рубяжы будаўніцтва быў узняты чырвона-зялёны флаг нашай рэспублікі. Грахоўскі. // Сімвал дзяржавы, нацыі. На рэйдзе многа вялікіх суднаў пад рознымі флагамі. В. Вольскі.

•••

Застацца за флагам — а) у конна-спартыўных спаборніцтвах — не паспець прайсці дыстанцыю, адзначаную флажком, ва ўстаноўлены час; б) перан. адстаць у чым‑н. ад іншых, не дасягнуць мэты, не быць дапушчаным куды‑н.

Пад флагам якім або чаго — а) пад якім‑н. лозунгам, у імя чаго‑н.; б) прыкрываючы чым‑н. свае сапраўдныя намеры.

[Гал. vlag.]

флаг-афіцэр, ‑а, м.

Афіцэр у штабе флагмана (у 1 знач.), які выконвае абавязкі ад’ютанта і ведае сігнальнай справай на караблі.

флаг-капітан, ‑а, м.

Начальнік штаба флагмана (у 1 знач.).

флагавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да флага; прызначаны для флага. Флагавае дрэўка. // Зроблены пры дапамозе флагаў. Флагавы сігнал.

флагелант, ‑а, М ‑нце, м.

Гіст. Паслядоўнік флагеланцтва.

[Ад лац. flagellans (flagellantis).]

флагеланцкі, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Які мае адносіны да флагеланта.

флагеланцтва, ‑а, н.

Гіст. Рэлігійны, варожы каталіцкай царкве рух у заходняй Еўропе 13–14 стст.

флагман, ‑а, м.

1. Камандуючы буйным злучэннем ваенных караблёў (атрадам, эскадрай, дывізіяй).

2. Вядучы карабель ці самалёт у калоне суднаў (самалётаў), на борце якога знаходзіцца камандуючы; самы лепшы або самы буйны карабель (самалёт) якога‑н. флоту, флатыліі.

3. перан. Пра што‑н. самае буйное, галоўнае сярод падобных. Флагман беларускай тэкстыльнай прамысловасці, які ўзвялічыў у нашай краіне і за яе межамі славу беларускага лёну, — так выглядае Аршанскі льнокамбінат у рэспубліканскім аспекце. Палтаран.

4. Персанальнае воінскае званне асоб вышэйшага начальніцкага саставу ў Ваенна-марскім флоце СССР у перыяд 1935–1940 гг.

[Гал. vlagman.]

флагманскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да флагмана, належыць яму. Флагманскі карабель.

флагшток, ‑а, м.

Шост для пад’ёму флага. А сёння паміж цёмна-сініх сосен на высокім флагштоку ўзвіўся чырвоны сцяг. Грахоўскі.

[Гал. vlagstok.]