Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

...фаг, ‑а, м.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «пажыральнік», «паглынальнік», напрыклад: фітафаг, іхтыяфаг.

фа, нескл., н.

Чацвёрты гук музычнай тамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук.

[Іт. fa.]

фаб...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «фабрычны», напрыклад: фабком, фабзаўком.

фабзавуч, ‑а, м.

Школа фабрычна-заводскага вучнёўства пры прадпрыемстве, якая рыхтуе рабочых масавых прафесій. [Ігнат Ладуцька] працаваў на вялікім станкабудаўнічым заводзе, дзе раней скончыў фабзавуч. Лынькоў.

фабзавучнік, ‑а, м.

Разм. Вучань школы фабрычна-заводскага вучнёўства.

фабзаўком, ‑а, м.

Выбарны орган пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі фабрыкі ці завода; фабрычна-заводскі камітэт.

фабзаўкомавец, ‑маўца, м.

Разм. Член, работнік фабзаўкома.

фабзаўкомаўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фабзаўкома.

фабком, ‑а, м.

Выбарны орган пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі фабрыкі; фабрычны камітэт. Фабком выдзеліў грошы для набыцця музычных інструментаў. «Маладосць».

фабкомаўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фабкома.